Спачатку – фатограф, потым – закладчык
Апошнім часам у краіне назіраецца рост выпадкаў, калі падлеткаў уцягваюць у абарот наркотыкаў і прапануюць стаць закладчыкамі.
Пра гэту і іншыя праблемы, звязаныя з ужываннем і захоўваннем наркатычных сродкаў, расказвала ў навучальных установах раёна ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Аліна Фаміна.
Яна расказала некалькі рэальных гісторый, якія здарыліся з падлеткамі. Насця (імя зменена па этычных меркаваннях) знайшла работу па інтэрнэце – трэба было рабіць пейзажныя фотаздымкі і дасылаць іх ананімнаму работадаўцу. Запэўнілі, што ўсё законна і работа ніяк не звязана з наркотыкамі, таму дзяўчына не адчула падвоху. Першыя некалькі разоў дзяўчыне сапраўды пералічылі грошы за звычайныя вулічныя фотаздымкі. А затым ёй на сфатаграфаванай раней тэрыторыі не назойліва прапанавалі раскладваць невялікія пакункі, зноў рабіць фота і дасылаць работадаўцы. Старшакласніца ведала пра закладчыкаў, таму адмовілася ад “работы”. На жаль, робяць так далёка не ўсе падлеткі. Некаторыя, атрымаўшы першыя грошы на закладках наркатычных сродкаў, працягваюць працаваць далей. Падобныя гісторыі ў большасці выпадкаў заканчваюцца прадказальна: крымінальная справа, пагрозы ці фізічнае насілле ад моцных і беспрынцыповых хлопцаў, якіх наймаюць работнікі наркамагазінаў для “размовы” з тымі, хто вырашыў адмовіцца ад работы. Пасля такой “размовы” людзі часта застаюцца пакалечанымі.
«Не варта весціся на лёгкія грошы, якія прапаноўваюць у інтэрнэце, – перасцерагае Аліна Фаміна. – Калі работадаўца ананімны, гэта ўжо павінна насцярожыць. Калі просяць раскладваць пакункі – значыць, яны незаконныя. Калі не з першага разу, то з другога ці трэцяга закладчыкі трапяць у поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Крымінальная справа на закладчыкаў наркатычных сродкаў узбуджаецца з 14 гадоў. Максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да 15 гадоў».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

