«Настоящий боец!» — говорит о юном чемпионе области по греко-римской борьбе Данииле Клецкове его тренер

Молодёжь Спорт, туризм

Па характары – сапраўдны баец

На спартыўным небасхіле імя обальскага барца Данііла Кляцкова з’явілася два гады назад.

Сямікласнік Обальскай СШ літаральна ўварваўся ў свет грэка-рымскай барацьбы, сваімі выступленнямі на абласных і рэспубліканскіх турнірах прымусіў гаварыць пра яго трэнераў-прафесіяналаў. На многія спаборніцтвы заўзятары барацьбы едуць менавіта для таго, каб паназіраць за паядынкамі Данііла. А вось для трэнераў ён сапраўдны «галаўны боль»: пабачыўшы выхаванца Шумілінскай СДЮШАР у адной вазе са сваімі падапечнымі, некаторыя проста не заяўляюцца да спаборніцтваў.

На рахунку Даніка (менавіта так называе Данііла большасць трэнераў), нягледзячы на юны ўзрост, багата яркіх перамог. Ён – чэмпіён вобласці, пераможца турніраў у Глыбокім, Віцебску, Полацку, Обалі і Шуміліне, на многіх турнірах атрымліваў спецыяльны прыз «За лепшую тэхніку». «Сапраўдны баец, – кажа трэнер Вадзім Лягчонак. – Данііл выходзіць на дыван, каб перамагчы і атрымаць асалоду ад самой барацьбы».

Выключную ролю ў станаўленні Данііла як барца адыграў першы трэнер Пётр Ганушчанка. На першых трэніроўках Пётр Васільевіч заўважыў у хлопца і фізічныя здольнасці, і прыродны талент, і празмернае жаданне трэніравацца і перамагаць. Не пабаяўся трэнер праз некалькі месяцаў трэніровак выпусціць на дыван на турніры ў Обалі зусім юнага барца Данііла Кляцкова супраць вопытных барцоў. Данііл і зараз памятае тыя словы трэнера: «Ідзі барыся і перамагай!». Пасля обальскага турніру П. В. Ганушчанка пачаў «абкатваць» свайго таленавітага выхаванца, заяўляў Данііла супраць сапернікаў, якія на два‑тры гады старэйшыя за яго. Не для перамог, а для барцоўскай практыкі, для станаўлення моцнага характару. «Хлопчыкам для біцця» Данііл ніколі не быў, нават калі прайграваў сапернікам. Змагаўся да апошняга.

Зімой Данііл Кляцкоў стаў чэмпіёнам вобласці. Свой тытул обальскі барэц заваяваў прыгожа і ярка, не пакінуўшы сапернікам ніводнага шансу. «Я павінен быў перамагчы, – прызнаўся хлопец. – У імя памяці Пятра Васільевіча, які пастаянна гаварыў мне, што я стану чэмпіёнам…».

Зараз Данііл Кляцкоў трэніруецца ў маладога трэнера Вадзіма Лягчонка.– Проста пашанцавала, што на пачатку маёй трэнерскай работы ёсць такі выхаванец, – кажа Вадзім. – Не было такога, каб Данік прапусціў трэніроўку. Ён хоча трэніравацца і вучыцца новаму. І самае важнае, што Данііл разглядае толькі першае месца, дзеля якога і трэніруецца. З такімі адносінамі да грэка-рымскай барацьбы перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных стартах будуць абавязкова.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *