Дружинник — помощник участкового. Как стать дружинником?

Закон Общество

Дружыннік – памочнік участковага

У раёне налічваецца 14 добраахвотных дружын, члены якіх уносяць неацэнны ўклад у ахову грамадскага парадку. Гэта не адбітак савецкай эпохі, гэта рэальная дапамога супрацоўнікам міліцыі.

Сярод актывістаў – Максім Дзяменцьеў, які працуе начальнікам аховы на Обальскім керамічным заводзе. За плённую работу па ахове грамадскага парадку сёлета яму была ўручана Падзяка старшыні аблвыканкама.

«Гэта ўзнагарода ўсёй нашай обальскай добраахвотнай дружыне, у якую ўваходзяць дзевяць чалавек, у тым ліку тры жанчыны, – кажа Максім. – Яны больш уважлівыя і пільныя. Да слова, наш кантралёр КПП Наталля Рымша заўважыла, што незнаёмы чалавек гуляў па чыгуначных пуцях і рабіў фота. Аказалася, што гэта турыст з Японіі. Ён нядрэнна размаўляў на рускай мове і расказаў, што жыве ў Полацку ў гасцініцы і што яго цікавяць матавозы, якія захаваліся на тэрыторыі былога обальскага торфапрадпрыемства. Давялося патлумачыць турысту, што хадзіць па чыгунцы забаронена».

Дружыннікі часта дзяжураць з участковым інспектарам РАУС у мясцовым кафэ, патрулююць вуліцы, дапамагаюць у ахове грамадскага правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў.

«Дружыннікі – гэта памочнікі супрацоўнікаў міліцыі, – адзначае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў. – Зараз у раёне налічваецца 90 дружыннікаў. Восем добраахвотных дружын створаны пры сельвыканкамах. Самая шматлікая дружына, якая налічвае больш за дваццаць чалавек, – у СШ № 2 г. п. Шуміліна. Створаны дружыны ў ПМК‑70, УП ЖКГ, лясгасе, ОКЗ, СШ № 1 г. п. Шуміліна. Акрамя гэтага, працуе і маладзёжны атрад аховы правапарадку. Для дружыннікаў штомесячна распрацоўваецца графік работы, каб яны паспявалі сумяшчаць працоўныя абавязкі з грамадскімі. Нашы памочнікі прыцягваюцца да работы на грамадскіх пачатках у выхадныя і святочныя дні. Яны раздаюць лістоўкі прафілактычнай накіраванасці, дапамагаюць пры перакрыцці дарог падзадчас масавых мерапрыемстваў. Неацэнная іх дапамога на святы 9 Мая, 3 ліпеня, на Новы год. Адчувальная была дапамога і падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – практычна за ўсімі ўчасткамі былі замацаваны дружыннікі. Яны праводзілі агляды тэрыторый каля ўчасткаў на прадмет бяспекі. Бонусы для дружыннікаў – тры дні дадатковага водпуску і адгулы».

 Як стаць дружыннікам? Стаць дружыннікам можа любы жадаючы паўналетні жыхар раёна. З заявай трэба звярнуцца да кіраўніка прадпрыемства, дзе працуеш. Заява разглядаецца, і потым дружыннік атрымлівае адпаведнае пасведчанне і значок. Важна, каб кандыдат у дружыннікі не меў судзімасцей. Не могуць быць членамі добраахвотнай дружыны грамадзяне, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года да дня падачы заявы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *