Вырошчвае спаржу і дурніцы
Павел Яўменчык, які з паўсотню гадоў пражыў у Мінску, амаль тры гады таму аформіў асабістую падсобную гаспадарку ў Мішкавічах і заняўся вырошчваннем спаржы і дурніц.
Чаму выбраў Мішкавічы? Таму, што гэта радзіма бабулі, у спадчыну ад яе ўнуку дастаўся дом з прысядзібным участкам. Але зямлі падалося мала, бо па прыкладзе сябра, які жыве ў Брэсцкай вобласці, мужчына надумаўся заняцца вырошчваннем дурніц і спаржы. Звярнуўся ў Мікалаеўскі сельвыканкам з заявай – выдзелілі непадалёк ад Мішкавіч два гектары зямлі. Большую палову з іх засадзіў дурніцамі розных гатункаў – “блюкроп”, “дзюк”, “аўрора”, “бонус”. У дапамогу – трактар МТЗ з усімі патрэбнымі прычапнымі ўстройствамі, а таксама дзядзя, родны брат бацькі Уладзімір Цярэнцьевіч (таксама мінчанін), жонка Аксана Сяргееўна. Яна выкладчык БДУ, таму бывае ў вёсцы толькі ў час водпуску і па выхадных. А вось Павел Аляксандравіч тут з красавіка да кастрычніка жыве пастаянна, бо “плантацыі” патрабуюць пастаяннага догляду: падкормак, праполкі, абароны ад шкоднікаў. Мала таго, гаспадар займаецца чаранкаваннем дурніц, бо марыць узяць яшчэ паўтара гектара зямлі. На адным гектары, па яго падліках, змяшчаецца больш за тры тысячы кустоў.
Павел Яўменчык расказаў, што ў мінулым годзе ўраджай дурніц быў вельмі сціплым, бо суквецці пашкодзіў мароз. Затое спаржа, якой пасаджана каля 30 сотак, урадзіла. Яе і сам гаспадар любіць ужываць у ежу, і пакупнікоў хапае.
«Я зачараваны мішкавіцкімі мясцінамі і шчаслівы, што бачу вакол сябе жывую прыроду, – кажа Павел Аляксандравіч. – Тут непараўнальнае з горадам адчуванне свабоды. І людзі простыя ў зносінах. Пакуль я зімой жыву ў горадзе, дзе знайшоў падработак. Але маю намер перабрацца ў Мішкавічы назаўсёды – рамантую бабуліну хату. Ужо ўставіў новыя вокны, зрабіў фундамент, плануецца новая прыбудова».
Каля хаты Павел Яўменчык таксама распрацаваў агарод, паставіў парнік. І ў мінулым годзе меў добры ўраджай кавуноў гатунку “цукровы малыш”, якім частаваў вяскоўцаў. Зіма была цёплая, так што апошні ўраджай у парніку знялі 3 снежня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

