Некаторыя жыхары райцэнтра абураюцца, што аматары сабак выгульваюць жывёлу без намордніка. Ці прадугледжана за гэта адказнасць?
На пытанне адказвае ўчастковы інспектар РАУС Юрый Сільвестраў:
– «Правілы ўтрымання дамашняй жывёлы» павінен ведаць і выконваць кожны ўладальнік сабак. Выгульваць на павадку без намордніка можна шчанюкоў да трох месяцаў і сабак дэкаратыўных парод ростам да 25 сантыметраў у холцы.
Згодна з дзеючым заканадаўствам за выгул сабак без намордніка прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Артыкул 16.30 КаАП “Парушэнне правілаў утрымання дамашніх і драпежных жывёл” на першы раз прадугледжвае заўвагу-папярэджанне, пасля – штраф ад 1 да 15 БВ. Калі пры выгуле жывёлы прычынена шкода здароўю і маёмасці чалавека, прадугледжаны штраф ад 10 да 30 БВ або адміністрацыйны арышт, або грамадскія работы. Пры гэтым гаспадар дамашняй жывёлы абавязаны выплаціць пацярпеламу грашовую кампенсацыю, памер якой вызначае суд.
Людміла ЗУЙКОВА.

