«Касавіцу вядзем выбарачна – іншага выйсця няма »

Пачатак чэрвеня выдаўся для сельскіх працаўнікоў складаным – з-за дажджоў на некаторыя палеткі не заехаць. І гэта значна тармозіць тэмпы нарыхтоўкі кармоў.
У СУП «Лаўжанскае» ва ўрочышчы Мазурына на МТЗ-1221 з касілкай рупіцца Віталь Чарткоў. «За дзень спраўляюся з 15-20 гектарамі, можна было б і больш, бо шырыня захопу касілкі амаль тры метры, – кажа механізатар. – Але пакуль аб’едзеш нізіны, дзе стаіць вада, губляецца час, паедзеш прама – рызыкуеш забуксаваць. Касавіцу вяду выбарачна – іншага выйсця няма. Касіў ва ўрочышчах Скавародзіна і Пушча – там такая ж сітуацыя. Скажу адно: складана, але працаваць трэба». Па дамоўленасці паміж кіраўнікамі гаспадарак у «Лаўжанскі» на МТЗ з касілкай прыехаў Аляксандр Вяеўнік з КУСГП «Ульскі». Сустрэлі як роднага, усміхаецца Аляксандр, бо гаспадарка мае патрэбу ў памочніках. На МТЗ з граблямі працуюць Андрэй Хадзюкоў і Андрэй Аўсянкін. Калі выглядвае сонца ці ёсць вецер – трава падсыхае хутка. Затым да работы на кормаўборачным камбайне “Ягуар” прыступае Уладзімір Мазанкоў – падбірае і здрабняе траву. Іншыя механізатары яе возяць як у сянажную траншэю, так і на жывёлагадоўчы комплекс на корм маладняку.
Па плане першым укосам “Лаўжанскаму” трэба скасіць 1800 гектараў травы. На раніцу 12 чэрвеня справіліся з 364 гектарамі, нарыхтавалі 469 тон сенажу. На вялікіх палетках будзе працаваць мясцовы механізатар Кірыл Калдуноў на трактары з дзевяцімятровай касілкай, адзначыў дырэктар гаспадаркі Мікалай Какушкін. Так работа пойдзе шпарчэй.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
