В Шумилинском историко-краеведческом музее работает выставка известного белорусского художника Василия Тихоненко

Главное Культура Новости

«Палітра жыцця:  ёсць у фарбах Перамогі адценні вайны»

Каляндар чэрвеня ў Шумілінскім гісторыка‑краязнаўчым музеі напоўнены мерапрыемствамі, прысвечанымі 80‑годдзю Перамогі і 81‑й гадавіне вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтым знакавым датам прысвечана выстава карыфея выяўленчага мастацтва Беларусі Васіля Ерафеевіча Ціханенкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, якая адкрылася ў музеі на днях.

Мастак з таго пакалення, якое прынята называць «дзеці вайны». Нарадзіўся 12 сакавіка 1937 года ў Віцебску ў сям’і рабочага. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна і над Віцебскам навісла пагроза акупацыі, бацька мастака Ерафей Кандрацьевіч вывез сям’ю на хутар Краснагоры, які знаходзіўся каля  Сіроціна, дзе і прайшло ранняе ваеннае дзяцінства будучага мастака. З таго часу запомнілася многае: як мама і бабуля па начах пяклі хлеб партызанам, як днём у хату ўрываліся немцы, патрабуючы «яйкі, млека», і як у чэрвені 1944‑га ў выніку Віцебска‑Аршанскай аперацыі прыйшло доўгачаканае вызваленне.

А затым было цяжкае пасляваеннае дзяцінства. Але памяць мастака пастаянна вырывае з мінулага светлы ўспамін: «я тысячу разоў у думках кланяўся Герце Яфімаўне Богарад, маладой настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Яна заўважыла, што я люблю маляваць, і адвяла мяне ў мастацкі гурток Дома піянераў». Тут лёс звёў юнага Васіля з выдатным жывапісцам і педагогам Валянцінам Канстанцінавічам Дзежыцам.

А затым было Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, якое скончыў у 1960 годзе. У 1966 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР.

У 1967‑2000 гг. працаваў у віцебскіх мастацка–вытворчых майстэрнях, з 1967 па 1969 гады кіраваў гэтым прадпрыемствам. Удзельнік шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных выстаў з 1957 года.

Асноўны напрамак творчасці мастака – станковы жывапіс. Шмат працуе ў галіне сюжэтна‑тэматычнай карціны. Асноўныя творы – палотны, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. На сваіх карцінах В. Е. Ціханенка адлюстроўвае супраціўленне апасродкавана, праз мірныя, хоць і выкліканыя экстрэмальнымі ўмовамі, сцэны жыцця.

У творчым актыве Васіля Ерафеевіча маюцца і буйныя творы манументальнага мастацтва, але карціна, як адмысловая вобразна‑пластычная структура, якая патрабуе ад мастака асаблівай маральнай адказнасці, а не толькі ўмення складаць кампазіцыю, валодаць таямніцамі колераперадачы і малюнка, стала яго любоўю назаўжды. Шматфігурныя палотны «У гады вайны», «Хлеб партызанам», «На Вялікую зямлю», «У тыле ворага», «Бітва за Днепр», «1945 год. Раніца ў вёсцы» і інш., створаныя ў розны час, не страцілі свайго мастацкага значэння і сёння. Рэжысура ў гэтых работ такая, што кожны персанаж, кожная дэталь, кожны фрагмент пейзажу або  інтэр’еру ўяўляюць не столькі развіццё сюжэтна‑апавядальных матываў, колькі старанна распрацаваны псіхалагічныя адценні настрояў і разважанняў герояў палотнаў.

Тэмы, і гэта адметная прыкмета мастака‑рэаліста, падказаны аўтару самім жыццём, перажытым. Адсюль – тонкі нерв яго карцін, адлюстраванне часу ў маштабах эпохі, трагедыя і перажыванні простага чалавека і ўсёй краіны.

Мастацкія творы жывапісца шырока прадстаўлены ў Беларусі: знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, у экспазіцыі музея Обальскага камсамольскага падполля, а таксама ў музеях абласных і раённых цэнтраў, прыватных калекцыях.

Выстава ў Шумілінскім гісторыка‑краязнаўчым музеі прадоўжыцца да 24 чэрвеня. Уваход платны. Даведкі па тэл. 5‑84‑02.

Падрыхтавала Святлана ІВАНОВА,  дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *