НОВЫ ПРАЕКТ «ШУМІЛІНШЧЫНА – ДАЧНЫ РАЙ»

Што ні кажыце, а Шуміліншчына прыцягвае дачнікаў. Па-першае, у нас зручнае месца размяшчэнне паміж двума буйнымі гарадамі – Віцебскам і Полацкам, па-другое, на тэрыторыі раёна няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, значыць, экалогія чыстая. Паблізу многіх населеных пунктаў працякаюць буйныя рэчкі Заходняя Дзвіна і Обаль. І, нарэшце, налічваецца нямала азёр, якія сталі месцам паломніцтва для аматараў актыўнага адпачынку і рыбакоў, і многія вёскі размешчаны на іх берагах. Непаўторная ў нас прырода, шмат лясоў, гаючае паветра. Адным словам, не раён, а дачны рай. Пра самыя дачныя населеныя пункты і іх жыхароў на працягу летне-асенняга перыяду мы раскажам у новым праекце «Шуміліншчына – дачны рай».
«Світанкі ў Філіпенках – аблюбавацца можна!»
Праект мы вырашылі рас пачаць з вёскі Філіпенкі Сіроцінскага сельсаве та, якая па колькасці дачнікаў лічыцца самай шматлікай у раёне. Дачнікаў тут, як паведамілі ў Сіроцінскім сельвыканкаме, налічваецца з паўсотню чалавек. Падворкі дагледжаныя, вёска прыгожая, расцягнулася больш як на кіламетр уздоўж Філіпен скага возера.

Пра назву вёскі дачнікі веда юць паданне. Паводле яго першым пасяліўся на беразе возера Піліп – вельмі гаспадарлівы быў, талковы і працавіты. А за ім падцягнуліся сюды і іншыя людзі, пачалі будаваць дамы. У гонар першага жыхара і назвалі вёску і возера.
17 год у вёсцы
Мы прыехалі ў вёску ў рабочы дзень. Многіх гаспадароў не засталі дома – як высветлілася, яны прыязджаюць сюды на выхадныя ці ў водпуск. А вось Наталля Іванаўна і Веніямін Уладзіміравіч Фёдаравы знаходзяцца на заслужаным адпачынку і жывуць тут пастаянна. У былым яны абодва выкладчыкі віцебскіх універсітэтаў, раней мелі дачу ў Лёзненскім раёне, а 17 гадоў таму купілі ў Філіпенках – вёсцы, дзе жылі летам сваты. Вельмі зручна, што да горада блізка, аўтобус ходзіць некалькі разоў на дзень, прыпынак – у крокавай даступнасці.
«Родам я з Туркменістана, нічога, акрамя пяску, не бачыла там, – усміхаецца Наталля Іванаўна. – Працоўнае жыццё пражыла ў горадзе, і калі прыехала на дачу, адчыніла веснічкі, то адразу сказала: “Гэта маё. Я тут застаюся”. Світанкі тут – аблюбавацца можна! Калі некаторыя бываюць на дачы наездамі, то мы з мужам, наадварот, рэдка выбіраемся ў горад. Мы ўпрыгожваем вёску, робім яе больш утульнай».
Фёдаравы пасадзілі за домам бярозы і сосны, прыбралі бераг возера, былы хляўчук перарабілі ў лазню, правялі электраацяпленне, пабудавалі альтанку, усталявалі арэлі, пасадзілі кветкі. На сцяне лазні зрабілі этнаграфічны куток – перанеслі сюды старыя рэчы былых гаспадароў. Тут можна ўбачыць драўляныя рубіла, хамут, крук для сена, граблі, прас на вуглях, маслабойку.
Экскурсія па Філіпенках
Разам з Наталляй Іванаўнай мы накіроўваемся па вёсцы. Усе дамы тут дагледжаныя, акуратныя. Прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, многія хаты абкладзены сайдынгам, з прыгожай агароджай. Практычна каля кожнага падворка многа кветак.
Прыгожы дом у Фёдара і Раісы Мініных, Генадзя Смоліна. Будаваў дом для маці Алег Рыхлёнак, які родам з гэтай вёскі. Але матуля Надзея Лявонаўна пажадала жыць у сваёй невялічкай хатцы, трымала карову, і палова вёскі прыходзіла да яе за малаком. І цяпер многія згадваюць, што самае смачнае малако было “ў каровы цёці Надзі”. Алег з жонкай Валянцінай бывае на дачы наездамі, вырошчвае гародніну, ходзіць на рыбалку з сабакам Піратам. У Філіпенскім возеры клююць ліні, шчупакі. Ляшчы дык і наогул больш як кілаграмовыя!
Аляксандр Маладцоў купіў дачу ў Філіпенках 15 гадоў таму, жыве тут амаль круглы год, трымае курэй і вялікага сабаку Рэкса. А нядаўна Аляксандру прапанавалі пайсці працаваць вадзіцелем аўтамабіля “Газель” у КУП БАН, той згадзіўся.
А вось Віктар Ладноў будуецца на ўчастку, які купіў на аўкцыёне. Ёсць добрая лазня, гараж з неабходнымі інструментамі. Праведзена дрэнажная сістэма. У будучым на ўчастку плануе ўзвесці вялікі дом. Сам гаспадар з рукамі – прыстасаваў звычайны трымер на калёсы.
За работай па зграбанні траы каля дома засталі Алену Анатольеву. Яна вельмі задаволена дачай, тут прымае ў госці ўсю радню. Яе суседка Святлана Гурная расказала, што наведваецца ў Філіпенкі рэдка. Толькі абкошваць сядзібу (за гэтай работай яе і засталі), бо дом, які застаўся ў спадчыну ад маці, не збіраецца прадаваць, а падтрымліваць парадак трэба.
У бацькоўскі дом прыязджае Таццяна Сакалова. Хаця яе муж Сяргей і жартуе, што лепш бы на канапе ў горадзе ляжаў, але ж задавальненнем бярэ мотакасу – і за работу. І дваццаць сотак каля дома і возера ператвараюцца ў дагледжаны газон.
Не горш, чым у горадзе
Філіпенскія дачнікі адкрылі сёлета купальны сезон яшчэ 20 красавіка. Расказалі, што менавіта возерам і прыцягвае вёска. І пакупацца, і парыбаліць, і на лодцы пакатацца. Зноў жа, практычна ўсе вырошчваюць гародніну. І не важна, што папрацаваць нямала трэба, прапалоць, пазмагацца з мурашамі і мядзведкамі, затое ў якасці важкіх бонусаў – зеляніна і ягады, вітаміны з градкі, безлімітная і смачная вада з калодзежа.
Адзначым, што многія дачнікі зрабілі для сябе практычна гарадскія даброты: вада ў доме, бойлер, туалет, электраацяпленне. Інтэрнэт і сувязь працуюць без перабояў. Рэгулярна ў вёску два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, прывозіць неабходныя прадукты. Дачнікі расказалі, што напярэдадні новага года «прадавец Нэлі і вадзіцель Алег апрануліся Снягуркай і Дзедам Марозам – добра паднялі ўсім настрой”. Прадукты можна купіць яшчэ і ў паштовай машыне, яка прывозіць “усё, акрамя спіртнога”. Два разы на тыдзень заязджае і перасоўны аўтамагазін “Ганны”. Так што і прадуктамі філіпенцы забяспечаны не горш, чым у горадзе. Са зборам смецця таксама няма праблем – кожную пятніцу ў вёску прыязджае трактар УП ЖКГ і забірае яго.
Што тычыцца лекаў (усё ж кантынгент дачнікаў узроставы), то іх купляюць пераважна ў горадзе. Кажуць, што графік мабільнага ФАПа непастаянны і непрадказальны – ніхто не ведае, у які час прыедзе, а чакаць цэлы дзень у многіх няма ні магчымасці, ні жадання…
Вось так і жывуць філіпенскія дачнікі – ціхім і размераным жыццём. Адпачываюць каля возера, любуюцца світанкамі, слухаюць цішыню, чакаюць дзя цей і ўнукаў у госці. Дарэчы, у выхадныя тут шматлюдна, практычна ў кожны дом прыязджаюць гараджане, бо пасапраўднаму адпачыць можна толькі ў Філіпенках.
Цікавае пра дачнікаў з Філіпенак:
Дачнікі ў Філіпенках у асноўным з Віцебска.
Самы старэйшы жыхар размяняў дзявяты дзясятак, самаму маладому – 45 гадоў.
У пяці дамах жывуць пастаянна, астатнія прыязджаюць на лета ці на выхадныя.
У жыхароў Філіпенак маецца больш за дваццаць лодак, у асноўным гумавыя.
Купальны сезон тут кожны год адкрываюць у красавіку.
Зімой дачнікі любяць катацца на лыжах.
З “экзотыкі” ў Філіпенках вырошчваюць кавуны.
Апошні дачны дом у Філіпенках быў куплены ў снежні 2024 года.
У вёсцы ёсць 4 свабодныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома.
Ларыса ЗАЙЦАВА.













