«Кармоў назапасім удосталь!»
Практычна штогод механізатары ААТ «Ляжні» з’яўляюцца лідарамі на нарыхтоўцы кармоў. Сёлета яны таксама на перадавых пазіцыях.
Генадзь Белавусаў, які працуе на МТЗ-82 з граблямі ГВР-6,2, мае на рахунку амаль 400 гектараў травы. «Мы спачатку працавалі ў Крывым Сяле і Любічах, цяпер пераехалі ў Ляжні, – расказаў Генадзь. – Трава тут лепшая, гусцейшая. Значна падрасла, пакуль корманарыхтоўку вялі на крывасельскіх палетках. З касілкай працуе Андрэй Каваленка – скасіў ужо больш за 400 гектараў. Я зграбаю ў валкі за дзень па 35 гектараў».
Юрый Літвінаў працуе на кормаўборачным камбайне «Палессе». За дзень на яго рахунку па 150-200 тон травы, а ўсяго за сезон корманарыхтоўкі – больш за 1400 тон. Механізатар ацэньвае сёлетні ўраджай травастою як сярэдні. Калі б не дажджы ды не гразкія палеткі, намнога камфортней было б працаваць.
На адвозцы здробненай масы задзейнічаны Мікалай Лазука, Сяргей Скітоў і Андрэй Сцяпанаў. Сянажную траншэю заклалі каля фермы Крывое Сяло, зараз ідзе трамбоўка каля фермы ў Ляжнях.
«Кармоў назапасім удосталь!» – упэўнена сцвярджаюць механізатары. На 7 ліпеня ў ААТ «Ляжні» скошана 1133 га палеткаў (83,9% да плана), нарыхтавана 3650 тон сенажу.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

