Суббота – базарный день в Шумилино. Какой товар в ходу у шумилинцев?

Актуалии Главное Новости Общество Сельское хозяйство Экономика

Субота – базарны дзень у Шуміліне. Хадавы тавар – бульба, яйкі і сала

У мінулую суботу, 19 ліпеня, карэспандэнт раённай газеты завітала на шумілінскі базар, каб пацікавіцца, што прадаюць і пачым.

 

А дзявятай раніцы базар быў у разгары. Самая вялікая чарга – за яйкамі з Гарадка, яе займалі задоўга да прыезду аўтамабіля з таварам. Прадаўцы расказалі, што рэалізуюць у Шуміліне да 300 дзясяткаў яек, у асноўным катэгорыі С-В па 3,43 рубля за дзясятак. Такіх няма ў шумілінскіх магазінах.

Чарга таксама была да тавараў прыватнага прадпрыемства «ГрынСветГандаль». Асартымент тут багаты – гародніна і фрукты, мясныя вырабы, кансервы, цукеркі, арэхі. Вельмі добра бралі бульбу па 2,9 руб. за кілаграм. У мінулую суботу, па словах прадаўцоў, прадалі яе 130 кілаграмаў. Былі ў продажы памідоры па 6,9 руб.-8,8 руб. за кг, перац па 5,9 руб., кабачкі па 2 руб., персікі па 11,5 руб., кавуны па 3,9 руб. А вось чарэшню па 20 руб. за кіло бралі не вельмі ахвотна – дарагавата.

Невялікая чарга была да гандляра з Віцебска, які прывёз выпечку. «Купляем тут пастаянна аўсянае пячэнне і дамашняе – вельмі смачнае», – рэкламавала адна жанчына ў чарзе.

 

Мясную прадукцыю, рыбу, выпечку, фрукты прывезла гандлярка з Гарадка. Гэта быў адзіны прадавец на рынку, у каго можна было купіць хлеб.

А да хлеба набывалі салёнае сала. Малады чалавек, які яго прадаваў, запэўніў, што купляе ў фермера. Цана вагалася ад 15,5 руб. да 24,5 руб. «Прыехалі з мужам з Добрына спецыяльна за салам, – расказала Таццяна Чарнічэнка. – Бяром не першы раз, сала смачнае і вельмі мяккае, як масла». «Мы з жонкай прыехалі купіць фруктаў, – расказаў Анатоль Сафончык з Башнёў. – Рыхтуемся да дня нараджэння ўнучкі, якая зараз у нас гасцюе, бо дзяцей запрасілі нямала». «Я з дачкой і ўнучкай вырашыла проста прайсціся прагуляцца да базары, пакуль няма дажджу, – усміхнулася Алена Кітова з райцэнтра. – Заадно і фруктаў купілі».

 

Гародніну-садавіну прадавалі аматары-агароднікі з райцэнтра. За 5-літровае вядро дамашняй буйной бульбы прасілі 12 руб. Памідоры (8 руб. за кг) і агуркі (5 руб. за кг) разбіралі першымі. «Набыла дамашніх агуркоў, каб зрабіць маласалёныя», – падзялілася Зінаіда Фурс з райцэнтра.

Куплялі вішні і чорныя парэчкі (10 руб. за літр), клубніцы позніх гатункаў каштавалі па 15 руб. за літр. Ішлі ў ход саджанцы шматгадовых кветак, лілеі , флёксы, хрызантэмы, лілейнікі рознага колеру (па 5-10 руб.). З Полацка прывезлі саджанцы ружаў розных гатункаў.

З жыўнасці на базары прадавалі трусянят па 20 рублёў. Але ніхто імі не цікавіўся. Напэўна, гаспадар так і павёз жывы тавар назад дадому.

На базары прадавалі адзенне і абутак, пасцельную бялізну вытворчасці «Блакіт», а таксама гаспадарчыя тавары – рыдлёўкі, мётлы, лейкі, шлангі, вёдры, венікі.
«Прыехалі 15 асноўных гандляроў з Віцебска, Полацка і Гарадка, – расказала кантралёр-касір КУП БАН Ірына Сямёнава. – Яны плацяць за месца ў залежнасці ад займаемай плошчы. Прыйшлі пагандляваць 9 прыватнікаў-агароднікаў – заплацілі па 80 капеек за месца. Выручка КУП БАН складае па 180-200 руб. кожную суботу».

 

Некаторыя пакупнікі абураліся, чаму базар працуе толькі ў суботу. Можа, трэба пачынаць мясцовым гандлярам прывучаць людзей хадзіць на базар і па нядзелях? Рынак не заўсёды працуе па прынцыпе «будзе попыт – будзе прапанова». Глядзіш – і віцебскія і полацкія прадаўцы падцягнуцца.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *