Культурная падзея.«Бясконцасць рухаў» або тэрапія танцам
Справаздачны канцэрт калектыва «Шарм» пад кіраўніцтвам Дар’і Сцяпанавай адбыўся 19 ліпеня ў Шумілінскім раённым цэнтры культуры.
Ужо 9 гадоў маладыя хлопцы і дзяўчаты радуюць нас сваімі танцавальнымі поспехамі. А гэтым ліпеньскім суботнім днём яны феерычна падвялі вынікі праведзенай творчай работы, прадставіўшы шумілінскаму гледачу свае лепшыя нумары, вядомыя і ўпадабаныя ў раёне, вобласці і за мяжой.
Са справаздачнай праграмай «Шарм» выходзіць на сцэну не ўпершыню, але гэта не перашкаджае ім заўсёды здзіўляць па-новаму. У гэты раз справаздачнік стаў незабыўным шоу. Кожны нумар нёс у сабе пэўную сэнсавую нагрузку, а пастаўленая харэаграфія, светлавое і музычнае суправаджэнне дапамагалі раскрыць тэматыку і задумку танца.
Увогуле, усё было прадумана да дробязей. Дзякуючы Ганне Каламіец, якая стала галоўным рэжысёрам і вядучай канцэрта, поўная зала гледачоў з задавальненнем мяняла адну эмоцыю на другую, радавалася і сумавала, смяялася і плакала, і нават гуляла ў віктарыну і выйгравала прызы. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні гэтага яркага мерапрыемства аказаў райвыканкам на чале са старшынёй Сяргеем Галынчыкам і раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» пад кіраўніцтвам Вольгі Галынчык.
Прыйшла падтрымаць танцораў і выказаць словы захаплення ад работы танцавальнага калектыву намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна адзначыла яго папулярнасць і значнасць, падзякавала бацькам за талент дзяцей і іх падтрымку ў любімай справе, павіншавала «залатога» кіраўніка Дар’ю Сцяпанаву з яе творчым прафесійным ростам.
Музычныя і танцавальныя сюрпрызы гледачы прымалі ад самых маленькіх выхаванцаў Дар’і — дзіцячага калектыву «Пчолкі», здольнага падрастаючага «Праекта», гасцей і сяброў Багдана Ушала, Валерыя Латковіча, Лізаветы Дземянёвай, намесніка дырэктара ТАА «Вежа» Таццяны Мончык, Андрэя Трафімава, Юліі Якуценка, Паліны Базар, Анастасіі Чабровай і самой запальнай Дар’і Сцяпанавай, якая ў якасці салісткі выйшла на сцэну са сваімі падапечнымі з новай музычна-танцавальнай прэм’ерай.
Час ляціць, змены непазбежныя, і для некаторых танцораў, выпускнікоў школы, гэты шлях падышоў да канца. Напрыклад, для Паліны Казлоўскай «Шарм» стаў адным цэлым, адзіным механізмам, другой сям’ёй. «Быць членам танцавальнага калектыва дапамагло мне раскрыць свой творчы патэнцыял, выпрабаваць неверагодныя эмоцыі, здзейсніць новыя адкрыцці, навучыцца працаваць у камандзе і заўсёды трымацца адзін аднаго. За ўсё гэта я вельмі ўдзячна кіраўніцкім і чалавечым якасцям любімай Дар’і Віктараўны», – падзялілася Паліна.
Самае каштоўнае, што даў «Шарм» Анастасіі Юрчанковай — разуменне таго, як танец дапамагае адчуваць сябе жывой і сапраўднай. «Гэта не проста хобі, гэта вопыт, які моцна паўплываў на маю асобу. Я навучылася быць цярплівай і настойлівай, паважаць працу іншых, спраўляцца з хваляваннем, выказваць сябе без слоў, адчуваць людзей побач і проста знаходзіцца ў моманце. Тут я набыла новых сяброў, атрымала велізарную колькасць яркіх уражанняў. Гэта было асаблівае месца, якое складана і немагчыма апісаць словамі», — падзялілася будучая студэнтка журфака.
З глыбокім сумам ад расстання з тымі, хто назаўжды стаў яго часткай, расказаў Сцяпан Голубеў: «Шарм» – не проста каманда, а сапраўдная сям’я, гатовая падтрымаць у самыя цяжкія хвіліны. Ад усяго сэрца хачу пажадаць вам заставацца такімі ж жыццярадаснымі і непаўторнымі. Тымі, хто ператварае працу ў творчасць, а калектыў – у дом. Працягвайце развівацца і натхняць адзін аднаго, радаваць гледачоў таленавітымі работамі. Хай кожная пастаноўка на сцэне стане для кагосьці маленькім цудам, а ваша цяпло і энергія саграваюць усіх, хто да вас дакранаецца».
А вось Марыяй Трушынай яшчэ не ўсе танцы выкананы. Наперадзе ў дзяўчыны яшчэ цэлы год выступленняў з родным калектывам. Яна плануе і далей працягваць дасягаць новых вяршыняў ужо з абноўленым калектывам. Танцы для Марыі не проста хобі, а стыль жыцця. Яны дапамагаюць ёй праяўляць свае пачуцці і эмоцыі, кайфаваць ад музыкі і рухаў. Дарэчы, пра яе захапленне ведае нават сам Алег Маямі – папулярны расійскі выканаўца, на сцэне з якім па шчаслівай выпадковасці ўдалося пагутарыць Машы сёлета на «Славянскім базары» ў Віцебску.
Зусім нядзіўна, што ўсе рабяты лічаць «Шарм» другой сям’ёй, бо можна толькі ўявіць, колькі гадзін яны правялі побач за гэтыя гады сумеснай працы: у рэпетыцыях, вывучэнні новых звязак, падтрымак і іншых танцавальных элементаў, часу ў дарозе на конкурсы і самі выступленні. Тут яны знайшлі сяброў, ставілі агульныя мэты і паспяхова дамагаліся іх.
19 ліпеня мы ўсе ў чарговы раз пераканаліся, што велічыня населенага пункта ніяк не ўплывае на якасць выканання. Калі людзі гараць справай, то гэты агонь бачны з любой кропкі зямнога шара. І як праспяваў улюбёнец шумілінскай публікі Багдан Ушал: «Show Must Go On»! Ваша шоу павінна працягвацца, «Шарм»!
Дар’я ЧАПУРНОВА, няштатны карэспандэнт.
Фота Алены КАРПУШЭНКА.

















