«Постараемся побить рекорд прошлого года», – механизаторы ОАО «АгроБоровинка» первыми в Шумилинском районе приступили к обмолоту озимого ячменя

Главное Новости Общество Сельское хозяйство

«Пастараемся пабіць рэкорд мінулага года»

Пад’ём у пяць гадзін раніцы, работа да позняга – прывычны рэжым дня  падчас жніва, кажуць механізатары ААТ «АграБаравінка». Яны першымі ў раёне прыступілі да абмалоту азімага ячменю.

 

Напрыканцы мінулага тыдня журналіст раённай газеты накіравалася на палеткі каля вёскі Саладухі, дзе вялося жніво. Тут працавалі Сяргей Гоманаў і Віталь Сімакоў.

Сяргей за штурвалам камбайна трыццаць першы год, многа разоў быў тысячнікам. Толк у жніве ведае, можа ацаніць сёлетні ўраджай, як кажуць,  на вока. «На гэтым полі нічогі азімы ячмень – 23 цэнтнеры з гектара будзе. Праўда, колас драбнаваты – гэта з-за надвор’я, красавік і май былі халоднымі, не ставала спрыяльных умоў для развіцця і росту пасеваў». Сяргей Гоманаў намалочвае за дзень па 40-70 тон зерня. Адвозіць на МТЗ Віталь Сімакоў, які працуе ў гаспадарцы другі год. Летась з першага сезона механізатар паставіў рэкорд – перавёз у раёне першую тысячу тон збожжа, якую Сяргей Гоманаў намалаціў.

На які вынік настроены сёлета, пытаемся ў механізатараў.

– Пастараемся пабіць рэкорд мінулага года, – кажа за абодвух Віталь Сімакоў. – Хто, калі не мы? Рвёмся ў бой, настроены аптымістычна, нягледзячы на капрызы надвор’я. Мяркуючы на прагнозах гідраметцэнтра, працаваць будзем у перапынках паміж дажджамі. Дзякуючы ім каласы павінны быць налітымі. З аднаго боку, яно і добра, што не было сёлета засухі, ад якой церпяць зерневыя.

 

Месцамі азімы ячмень у Саладухах палеглы ад ліўняў і вятроў. Таму камбайн рухаецца плаўна, акуратна, каб захапіць усе каласкі і каб не было страт. На днях на дапамогу Сяргею Гоманаву павінен выехаць яшчэ адзін камбайн, за штурвалам якога будзе Міхаіл Канстанцінаў, расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка. Усяго ў гаспадарцы трэба ўбраць 461 гектар азімага ячменю. А яшчэ – 250 гектараў на палетках КУСГП «Сіроцінскі», якое далучаецца да «АграБаравінкі». У «Сіроцінскім» ёсць чатыры камбайны, так што тэхнікі на ўборачную хопіць, запэўніў Яўген Георгіевіч. Зазначым, што палеткі з азімым ячменем тут асноўныя ў раёне. Яшчэ гэта культура – 211 гектараў – засеяна ў ААТ «Ляжні».

 

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова нагадала механізатарам пра важнасць захоўвання патрабаванняў аховы працы, раздала памяткі пра работу на зернеўборачных камбайнах.

На 21 ліпеня ў ААТ «АграБаравінка» ўбралі 110 гектараў азімага ячменю, ураджайнасць склала 23,9 цэнтнера з гектара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *