Шуміліншчына цікавая турыстам. У нас ёсць што паглядзець і чым здзівіць. Чым і займаецца турыстычны інфармацыйны цэнтр Шумілінскага раёна. Рэкламуе адпачынак, прапануе вандроўнікам разнастайныя маршруты. «Турыстычны патэнцыял раёна вялікі, – падкрэслівае дырэктар турцэнтра Ірына Кулікава. – Важна, каб да нас прыязджалі за эмоцыямі, за экстрэмальнымі паходамі, за яркімі ўражаннямі».
На мінулым тыдні да нас прыехалі шэсць велааматараў з Брэста, членаў грамадскага аб’яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту». Турыстычную праграму для іх дапамог арганізаваць турыстычны інфармацыйны цэнтр. Да падарожнікаў далучыўся і шумілінскі аматар актыўнага адпачынку Аляксей Лашкоў.
– Мы штогод адпраўляемся ў велападарожжа па пэўным раёне, – расказала арганізатар падарожжа з Брэста Ірына Яравая. – У планах на два дні праехаць па блакітных каралях Шумілінскага раёна – пабываць на азёрах Круглік, Лескавічы, Разван, Віцір, Княжна, Мошна і Шумілінскае. Пабываць у гісторыка-краязнаўчым музеі. Пазнаёміцца з Обальскім керамічным заводам. На свае вочы пабачыць марсіянскі ландшафт заказніка «Казьянскі».
Першы аб’ект – Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей – выклікаў у гасцей сапраўднае захапленне. Як яны адзначалі, атрымалася вельмі насычаная і прадуманая экспазіцыя. Нячаста ім даводзілася бачыць косці маманта…
У далейшыя планы вандроўнікаў карэктывы ўнёс моцны дождж. Таму і паехалі толькі ў Лескавічы. «Сюды трэба было прыехаць толькі для таго, каб убачыць храма прападобнага Сергія Раданежскага і рэшткі сядзібы Хлюдзінскіх, – працягвае Ірына. – Унікальныя пабудовы».
На веласіпедах турысты дабраліся да Обалі, каб у першую чаргу пабачыць завод, на якім вырабляецца цэгла, якая, выкарыстоўвалася і пры рэканструкцыі знакамітага Аўгустоўскага канала. Галоўны тэхнолаг Обальскага керамічнага завода Таццяна Аляксеева паказала і расказала, як з гліны нараджаецца цэгла. Турысты пабачылі, што сёння вытворчасць – гэта сучасны аўтаматызаваны працэс з выкарыстаннем робатаў. Зацікавіліся велатурысты і сувенірнай прадукцыяй абальчан.
Затрымаліся велатурысты і ў мясцовым храме, дзе адбылася душэўная размова з настаяцелем храма Ануфрыя Вялікага Уладзімірам Пучынскім.
Турцэнтр дапамог гасцям з харчаваннем. І, як расказалі турысты пазней, і тут былі адкрыцці. Так, у шумілінскім «Метане» брэсцкія госці ўпершыню паспыталі юшку, рэцэпт якой запісалі ў блакноцікі, і ў обальскім «Сіці» ім прапанавалі хатнія стравы. Турцэнтр прапанаваў гасцям дэгустацыю безалкагольнай прадукцыі ААТ «Вежа».
З Обалі ў вандроўнікаў быў пераезд на начлег у вёску Вішня. Моцны дождж зрабіў пераезд не толькі экстрэмальным, а і запамінальным.
На другі дзень гасцей чакала экскурсія на заказніку «Казьянскі» па маршруце «Астатачныя азёры – нашчадкі былых ледавікоў». Гідам выступіў дырэктар заказніка Аляксандр Дабравольскі. Гэтыя чатыры гадзіны брэсцкія турысты запомняць на ўсё жыццё.
Падчас падарожжа тры разы турыстаў насцігаў моцны дождж з маланкамі і громам. Гэта трэба было бачыць, як балотны пейзаж і цяжкія аблокі, якія ўдалечыні зліліся з балотам, разрывае бліскавіца, а затым раскаты грому. Як заўважыў Аляксандр Дабравольскі, такія краявіды Обальскага балота можа пашчасціць пабачыць далёка не кожнаму вандроўніку.
Былі наведаны восем азёр, сярод якіх Марынец і Расалай. У некаторых брастчане і паплавалі: «Усё роўна мокрыя. А так хоць яшчэ і пакупаемся!». Ну, і канечне, засталіся ў захапленні ад прыроды. Вось тут брусніцы і журавіны, праўда, яшчэ зялёныя, а тут – дурніцы, якія ў гэты дзень былі па-асабліваму смачныя. А ад водару багуну нават кружылася галава. Пашчасціла пабачыць і расліну-драпежніка – расянку.
Пра балоты кажуць, што яны зацягваюць і не адпускаюць, што тут губляецца час і адлегласць. І гэта сапраўды так. Пяць гадзін прайшло непрыкметна.
– Мы ўражаны Шуміліншчынай, – сказала на развітанне Ірына Яравая. – Канечне, за два дні нам не ўдалося ўсяго пабачыць. Хацелася і Вялікі камень наведаць, і азёры блакітных караляў, і храм у Пабедзе… Хаця ёсць нагода вярнуцца сюды яшчэ раз. Вельмі ўдзячны раённаму турыстычнаму інфармацыйнаму цэнтру за ўсебаковую дапамогу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.




