Фарбаванае – значыць, крадзенае
Падчас чарговай адпрацоўкі населеных пунктаў раёна супрацоўнікі РАУС у гаражы і аўтамабілі жыхара аднаго з аграгарадкоў знайшлі бочкі і палімерныя каністры з 325 літрамі фарбаванага дызельнага паліва, расказаў в. а. намесніка начальніка РАУС Павел Трафімаў.
У ходзе расследавання міліцыянеры высветлілі, што вясковец купляў салярку ў механізатара мясцовага сельгаспрадпрыемства, які рэгулярна зліваў яе з трактара. Крадзенае прадавалася мясцовым за ўмераную плату. Гаспадар незаконнага паліва прызнаўся, што купіў у механізатара 230 літраў паліва, а “астатняе знайшоў”. Мужчына, які захоўваў незаконнае паліва, на першы раз атрымаў штраф 10 базавых велічынь (максімальны за такое парушэнне – 50 БВ). Паліва канфіскавана. На “прадаўца” ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, якое яму пагражае – пазбаўленне волі да чатырох гадоў са штрафам ці без яго.
Гэты выпадак крадзяжу дзяржаўнай маёмасці не першы ў раёне. Раней грамадзяне раёна былі прыцягнуты да адказнасці за захоўванне 20 і 40 літраў паліва, выяўлены факты крадзяжоў маторнага масла, зерня і мінеральных угнаенняў.
Людміла ЗУЙКОВА

