Сельхозпредприятия Шумилинского района готовят фермы к зиме

Сельское хозяйство

Ферму Непароты рыхтуюць да зімы

Спецыялісты райсельгасхарчу настойліва рэкамендуюць фарсіраваць  работы па падрыхтоўцы ферм і цялятнікаў да зімова-стойлавага перыяду. Жывёле трэба стварыць камфортныя ўмовы “на зімовых кватэрах” – гэта важна як для надояў і прываг, так і для здароўя статку.

Ва ўсю ідзе рамонт на ферме Непароты ААТ «Прыазёрны мір». На жывёлагадоўчым аб’екце мы сустрэлі будаўнічую брыгаду сельгаспрадпрыемства. «Работы на ферме, дзе будзе стаяць дойны статак, нямала, – кажа рабочы Уладзімір Бедуленка. – Выйшла са строю апалубка, дзе размешчана сістэма гноевыдалення. Вось зараз яе і майструем, потым будзем падлогу пад ланцугамі заліваць цэментным растворам. Трэба адрамантаваць ляжанкі для кароў. Бачыце, тут была калісьці плітка, але выбілася, трэба зрабіць для жывёлы роўную пляцоўку. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечвае будаўнічым матэрыялам. Наперадзе – рамонт кармавых сталоў і даху».

На ферме чысцяць металічныя трубы пад афарбоўку – клапоцяцца не толькі пра зручнасць, але і пра прыгажосць. На ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах трэба праверыць вентыляцыю, сістэму механізацыі, каб зімой усё працавала без збояў. Па словах дырэктара гаспадаркі Віталя Галаўнёва, у бліжэйшых планах – рамонт цялятніка ў Непаротах. Уцяпленне вокнаў і варот – гэта ўжо работа другой чаргі.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *