Как подготовить печи к зиме? Рекомендации пожарного инспектора

Безопасность

Мы тут печкі да зімы рыхтуем. А вы?

Ацяпляльны сезон не за гарамі, і для многіх домаўладальнікаў гэта сігнал, што варта прывесці ў парадак печы і коміны. Ратавальнікі нагадваюць: своечасовая і правільная падрыхтоўка печак – залог бяспекі і камфорту ў халодную пару года.

Што трэба зрабіць неадкладна?

«Пачынаць падрыхтоўку печкі варта з ачысткі коміна, – дзеліцца рэкамендацыямі інспектар РАНС Вадзім Півавараў. – У працэсе эксплуатацыі на яго сценках назапашваецца сажа, якая становіцца не толькі прычынай зніжэння цягі і пагаршэння эфектыўнасці печы, але і сур’ёзнай пажарнай небяспекай. Нават тонкі пласт сажы можа загарэцца і прывесці да ўзгарання. Ачыстку коміна можна выканаць самастойна з дапамогай спецыяльных шчотак і яршоў. Самай першай прыкметай засмечвання коміна з’яўляецца дрэнная цяга ў паліўніку – калі дрэнна загараюцца і павольна прагараюць нават сухія дровы.

Пасля чысткі коміна трэба агледзець паліўнік печкі: пры наяўнасці расколін, прагарання або дэфармацыі – замяніць каласнік і пашкоджаную цэглу, дзверцы і пліту. Дзверцы павінны шчыльна зачыняцца, забяспечваючы герметычнасць, зазначаюць ратавальнікі. Засланка павінна лёгка адкрывацца і закрывацца, рэгулюючы цягу ў коміне. Няспраўныя дзверцы і засланкі неабходна адрамантаваць або замяніць.

«Далей прыступайце да атынкоўкі і пабелкі печкі, – працягвае інспектар. – Ачысціце яе паверхню ад старой фарбы і тынкоўкі, затым затынкуйце выбоіны. Пасля прыступайце да пабелкі печкі ў белы колер, гэта дазволіць своечасова выяўляць няспраўнасці і расколіны, да таго ж на белым фоне будзе добра бачны чорны след дыму».

Участак падлогі з гаручых матэрыялаў перад топачнай адтулінай павінен быць абаронены негаручым матэрыялам шырынёй не менш 0,5 м і даўжынёй не менш 0,7 м. Размяшчэнне гаручых рэчываў і матэрыялаў на ім не дапускаецца. За станам печкі неабходна сачыць пастаянна, бо няспраўная печ – крыніца павышанай небяспекі. Не грэбуйце правіламі пажарнай бяспекі. «Памятайце: ні ў якім разе нельга пакідаць печ, якая паліцца, без нагляду або пад кантролем малых дзяцей. Каб пазбегнуць вогненных здарэнняў, не сушыце на печцы рэчы і сырыя дровы. Сачыце за тым, каб мэбля, фіранкі і іншыя пажаранебяспечныя прадметы знаходзіліся далей ад печы. У моцныя маразы не дапускайце яе перапальвання. Рэкамендуецца прапальваць 2-3 разы (пры неабходнасці) працягласцю не больш за 1,5 гадзіны. Пры гэтым інтэрвал часу паміж прапальваннем павінен складаць 3-4 гадзіны», – такія слушныя парады даў гаспадарам Вадзім Півавараў.

Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *