«Белая Русь» – маладая партыя з цвёрдай пазіцыяй
Вольга ГАЛЫНЧЫК, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь»:
– Беларуская партыя «Белая Русь» – самая маладая грамадска-палітычная структура ў краіне, але ўжо сёння ўпэўнена заяўляе пра сябе як пра сілу, якая можа аб’ядноўваць і натхняць. Яе дзейнасць накіравана на ўмацаванне стабільнасці, захаванне незалежнасці і развіццё грамадзянскай пазіцыі. Партыя стваралася ў падтрымку Прэзідэнта пад дэвізам «За моцную і квітнеючую Беларусь». У яе ўступілі людзі, якія ўсведамляюць, што нельга быць раўнадушным да гісторыі краіны, сваёй сучаснасці і будучыні.
Шумілінскае раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» было афіцыйна зарэгістравана ў ліпені 2023 года і сёння аб’ядноўвае 190 чалавек, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі: ад устаноў культуры і адукацыі да сельгасарганізацый і органаў дзяржаўнага кіравання. Колькасць членаў партыі, сапраўдных патрыётаў, гатовых працаваць на карысць Радзімы, пастаянна расце. Арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна, рэалізуе праекты, накіраваныя на ўмацаванне грамадзянскага адзінства, падтрымку сям’і, выхаванне моладзі і захаванне гістарычнай памяці.
Сёлета мы разам адзначылі 80-годзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Члены партыі ўдзельнічалі ў мітынгах, патрыятычных акцыях, аўтапрабегах, тэматычных сустрэчах. Па ініцыятыве партыйцаў на Алеі Славы ў Шуміліне ўстаноўлена карта спаленых населеных пунктаў раёна – як сведка трагедыі і гераізму народа. Кожная кропка на карце – голас з мінулага, накіраваны ў будучае, напамін, што мір і свабоду трэба берагчы і абараняць.
Раённае аддзяленне партыі актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях і сацыяльных ініцыятывах, накіраваных на падтрымку падрастаючага пакалення. Пры падрыхтоўцы лагера «Пунсовы ветразь» да летняга сезона былі набытыя арэлі з дадатковымі элементамі і спартыўны інвентар для гульні ў баскетбол. Партыйцы былі частымі гасцямі лагера ў рамках акцыі «Крок да поспеху: НЯсумнае лета – НЯсумныя сустрэчы», на якіх дзяліліся жыццёвым вопытам, расказвалі пра прафесіі, грамадскую актыўнасць, гісторыю роднага краю і каштоўнасці, якія дапамагаюць дабівацца поспеху.
Добрыя справы растуць як дрэвы, каранямі ў памяці, галінкамі – у будучае. Шмат добрых спраў зроблена партыйцамі. Кожная з іх – праява клопату, павагі, шчырага жадання зрабіць жыццё лепшым.
Мы выбралі для сябе канструктыўны шлях, накіраваны на падтрымку сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У нашых планах – быць прыкладам і стымулам для землякоў, спрыяць працвітанню роднай краіны.



