Маладосць. Энергія. Ініцыятыўнасць
У Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый сёлета прыйшлі трое маладых спецыялістаў – ініцыятыўных, энергічных, камунікабельных. Заслуга ў гэтым і кіраўніка цэнтра Ларысы Маладзечкінай, якая прысутнічала падчас размеркавання ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы і запрасіла моладзь да сябе ў Шуміліна.
Ілья Цімаееў наш, шумілінскі. Ён закончыў каледж з адзнакай, таму яму далі права выбару, куды працаўладкавацца. Ён выбраў малую радзіму. Працуе эканамістам па працы, адказвае за штатны расклад, за работу з пазабюджэтнай сферай, за справаздачы ў статыстыку, налічэнне матэрыяльнага стымулявання ў сферы культуры і спорту. Спачатку дапамагала былы работнік цэнтра Таццяна Юрко, зараз настаўнікам з’яўляецца бухгалтар Надзея Мядзвецкая.
Аднакурсніца Ільі Настасся Ліцвінава родам з Бачэйкава Бешанковіцкага раёна, хацела мець першае рабочае месца як мага бліжэй да дому. Працуе бухгалтарам па зарплаце, налічвае камандзіровачныя, бальнічныя, адпускныя. Яе работу курыруе настаўнік-бухгалтар Вольга Маісеенка.
Ілья і Настасся праходзілі ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый пераддыпломную практыку і ўжо тады зарэкамендавалі сябе як перспектыўныя спецыялісты. Ілья Цімафееў жыве з бацькамі, збіраецца пайсці ў армію, хоча, як і бацька, быць пагранічнікам. Настассі паабяцалі даць арэндную кватэру ў новым доме. Пакуль яна здымае жыллё.
Размеркавалася ў цэнтр і жыхарка абласнога цэнтра Лізавета Панцюхова. Як студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа яна праходзіла тут дзве практыкі – вытворчую і пераддыпломную, і зараз працуе бухгалтарам па зарплаце. Выбрала Шуміліна, бо адсюль яе карані – бабуля жыве ў Обалі. І хаця Лізавеце выдзелілі пакой у інтэрнаце, яна пажадала жыць у бабулі.
Моладзь задаволена работай. Паспела паўдзельнічаць у раённым турзлёце, наведаць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
Ілья і Лізавета паступілі завочна ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Настасся вырашыла даць сабе перадышку пасля вучобы, плануе паступаць у наступным годзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

