У нядзелю, 5 кастрычніка жыхарка вёскі Гусінцы Мікалаеўскага сельсавета пайшла ў лес за ягадамі і заблудзілася. А восьмай гадзіны вечара сын жанчыны падняў трывогу.
У Мясаедаўскі лес на пошукі выехалі супрацоўнікі РАУС і РАНС.
«Жанчына ўвесь час была з намі на сувязі, але сігналаў аўтамабіляў не чула, – падзяліўся падрабязнасцямі начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Зубараў. – На дапамогу з Віцебска прыехаў атрад міліцыі асобага прызначэння з квадракоптарам, абсталяваным цеплавізарам. Але жанчыну так і не знайшлі. Падчас размоў па тэлефоне мы настроілі жанчыну распаліць касцёр і сядзець каля яго».
Самае цікавае, што ноччу на гэты касцёр выйшаў мужчына, жыхар райцэнтра, які, як высветлілася, таксама заблудзіўся, але пра гэта нікому не паведаміў, бо не меў сродкаў сувязі.
Сёння раніцай мужчына і жанчына былі знойдзены. Так што дапамога воінскай часці і атрада “Віцязь”, якія ўжо накіроўваліся ў наш раён з Віцебска, не спатрэбілася.
Парады ад супрацоўнікаў РАНС і РАУС:
– не варта хадзіць у лес у адзіночку;
– абавязкова зарадзіце мабільнік і вазьміце яго з сабой;
– апранайце адзенне яркіх колераў;
– бярыце з сабой у лес запалкі, нож, ваду, не перашкодзіць і свісток – яго гукі чутныя на адлегласці да двух кіламетраў;
– калі вы ўсё ж заблудзіліся, не варта панікаваць, тэлефануйце 101, 112 ці 102.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.

