К профессиональному празднику. Представляем коллектив Шумилинского районного центра культуры и яркий фейерверк его достижений

Главное Культура

Калі культура працуе – усе людзі адпачываюць

Штогод у другую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Да гэтага свята маюць дачыненне акцёры і музыканты, работнікі музеяў, выставачных залаў і бібліятэк, кіраўнікі творчых калектываў, мастакі і ўсе тыя людзі, якія моцна звязаны з самым цудоўным – мастацтвам.

Ні для каго не сакрэт, што ў нашым раёне галоўнай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў любога ўзроўню заўсёды быў і застаецца Шумілінскі раённы цэнтр культуры, і работнікі ўстановы маюць да гэтага самае непасрэднае дачыненне. Гэта дзяржаўная ўстанова па выніках работы за папярэдні год па праве заняла адно з лепшых месцаў на раённай Дошцы гонару. Такая высокая ацэнка вартая павагі. Сапраўды, праца работнікаў сферы культуры заўсёды навідавоку і пад пільным наглядам людзей. Цяжка ўявіць любое мерапрыемства без выступленняў музычных і танцавальных

калектываў, тэатральную пастаноўку без прыгожых дэкарацый і касцюмаў, выставы мастакоў без тэматычна адпаведнага афармлення. Да ўсяго гэтага прыкладзена рука культработніка.

 Яркі феерверк перамог

Прафесійнае свята – лепшы час для падвядзення вынікаў. На сённяшні дзень 14 шумілінскіх калектываў ва ўстановах культуры клубнага тыпу маюць званне «народны» і «ўзорны». Паспяхова і прадукцыйна папрацавалі ў 2025 годзе: узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» філіяла «Башнёўскі сельскі клуб» заняў 1 месца ў раённым аглядзе-конкурсе тэатральнага мастацтва «У галоўнай ролі», атрымаў дыплом у намінацыі «За папулярызацыю аматарскага тэатральнага мастацтва сярод падрастаючага пакалення» на абласным аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў «Малая сцэна» ў Лепелі, 2 месца ў намінацыі «Роставая лялька» і дыплом у намінацыі «За развіццё і папулярызацыю аматарскіх тэатраў і мод» на 5-м адкрытым абласным свяце-конкурсе тэатраў мод «Модны дывертысмент» у рамках «Славянскага базару ў Віцебску».

Дыпломам у намінацыі «За зберажэнне і захаванне харавога мастацтва» ў адкрытым конкурсе «Браслаўская харавая асамблея» на міжнародным свяце традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» быў узнагароджаны зводны хор народнага ансамбля народнай песні «Абалянка» (філіял «Обальскі гарадскі дом культуры») і народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» (Обальскі філіял Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў), а таксама народны хор народнай песні «Світанак».

Дыплом лаўрэата І ступені на XXXI Міжнародным фестывалі песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» атрымаў народны калектыў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору «Разынка» (філіял «Шумілінскі раённы дом рамёстваў»). Беларускую нацыянальную кухню калектыў часта прапагандуе на Шуміліншчыне і ў іншых раённых, на абласных і міжнародных мерапрыемствах.

На рэгіянальным аглядзе-конкурсе чытальнікаў і на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю «Майскі вечар» ва Ушачах народны літаратурна-музычны калектыў «Ветэран» атрымаў дыплом лаўрэата 1 ступені ў намінацыі «Лепшая літаратурна-музычная кампазіцыя».

Народны тэатр мініяцюр «Буф» на абласным свяце гумару «Смяяцца не грэх» атрымаў Гран-пры ў намінацыі «Аўтарскі гумарыстычны міні-спектакль». Андрэй Трафімаў быў узнагароджаны дыпломам «За лепшы эпізадычны вобраз».

Дыплом «За яркую падачу матэрыялу» ў намінацыі «Аўтар песні» на абласным свяце-конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў» атрымаў народны рок-гурт «Эксперымент-12» (Максім Крыгін).

Удзел у Рэспубліканскім фестывалі аматарскага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні» прынёс нашаму народнаму тэатру дыплом лаўрэата III ступені, а Аляксей Цімафееў атрымаў дыплом «За ўвасабленне вобразу Вадзіма Громава ў спектаклі «Удовін параход».

Народны фальклорны калектыў «Гульбічы», а іменна яго ўдзельнікі – пара Дар’і Сцяпанавай і Андрэя Трафімава – была ўзнагароджана дыпломам І ступені на XII Міжнародным турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам» у рамках Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску-2025».

Дыплом I ступені прынёс Багдан Ушал у скарбонку ўзорнай эстраднай студыі «Асарці» на раённым аглядзе-конкурсе маладых выканаўцаў «Песні юнацтва нашых бацькоў», а дыпломам III ступені папоўніла архіў студыі Соф’я Кучко.

 Дырэктар гэтага вялікага культурнага «цэха» Кацярына Сідарэнка падзялілася, што кіраваць творчымі людзьмі не заўсёды лёгка.
«Аднак рабіць гэта – вялікае задавальненне, бо ў нашым Шумілінскім раённым цэнтры культуры працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія з лёгкасцю спраўляюцца з любой пастаўленай задачай», – дадала яна. Кацярына Уладзіміраўна ў культурнай сферы адносна нядаўна, хутка адзначыць першы юбілей – пяцігадовы, на кіруючай пасадзе – амаль 3 гады. У прафесійнае свята яна жадае, каб іх калектыў папаўняўся маладымі кадрамі. «Новыя погляды і падыходы ў нашай сферы проста неабходныя. Зараз ёсць адкрытая вакансія мастацкага кіраўніка. Таму хацелася б прыняць у сваю каманду добрага спецыяліста. Як паказвае вопыт, у нас затрымліваюцца маладыя спецыялісты, гарадскім магчымасцям яны аддаюць перавагу наш утульны пасёлак. А гэта значыць, што і заработная плата, і ўмовы працы, і перспектывы ў нас высокія, – падзялілася дырэктар.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў раённага цэнтра культуры і ўсіх, хто мае дачыненне, павіншавала загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова. Відэавіншаванне Ірыны Віктараўны можна паглядзець у Інтэрнэт-акаўнтах «Герой працы».

Нераўнадушнай да гэтай даты застаецца Марына Прохарава. Сучасны РЦК у сэрцы Марыны Іванаўны заўсёды застаўся сапраўдным домам – Домам культуры, дзе яна пражыла вялікае жыццё даўжынёю ў 39 гадоў. Амаль 35 з іх яна кіравала творчым «караблём». Нястомная і натхнёная Марына Іванаўна і сёння жыве культурай, лічыць, што гэта ўжо ў крыві і будзе з ёй да канца дзён.

«Я больш нічога рабіць жа не ўмею», – жартуе Марына Іванаўна, расказваючы пра любімую прафесію. Былы дырэктар РЦК, а цяпер метадыст РЦК лічыць, што самае галоўнае ў іх рабоце – быць творчым чалавекам з невычэрпнай энергіяй. Тады і будзе выканана асноўная місія – задаволены глядач. «Калі культура працуе – усе людзі адпачываюць», – успомніла Марына Іванаўна цытату, якую калісьці пачула на курсах павышэння кваліфікацыі, і поўнасцю з ёй згодная сёння. Сваім калегам і ўсім работнікам культуры Марына Прохарава пажадала здароўя, якога не бывае шмат, працуючы на сцэне, прыгажосці знешняй і душэўнай, творчасці, росквіту і прызнання не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

Шумілінскі раённы цэнтр культуры прадстаўлены сёння раённым цэнтрам культуры, філіяламі: раённы Дом рамёстваў, Обальскі ГДК, 6 сельскіх клубаў, 2 сельскія клубы-бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *