Полтора десятка сортов винограда на шести сотках

Мир увлечений

Сакрэты вінаграднай справы Льва Прыгуна

На шасці сотках агарода ў жыхара райцэнтра Льва Эдуардавіча Прыгуна, даўняга падпісчыка раённай газеты, расце паўтара дзясятка гатункаў вінаграду.

І хаця некаторыя лічаць, што гэтая культура не вельмі падыходзіць для вырошчвання ў нашым раёне, бо не заўсёды выспяваюць ягады, гаспадар даказвае адваротнае. Ён жа падзяліўся і сакрэтамі вінаграднай справы.

Леў Прыгун стаў вырошчваць вінаград каля дваццаці гадоў таму, убачыў яго ў знаёмага, які і падзяліўся чаранком гатунка “супага”. Але тады гаспадар толкам і не ведаў, як даглядаць культуру: рэкамендацый у часопісах і кнігах, якія б падыходзілі да нашых умоў надвор’я, было мала. Іншая справа зараз, калі выведзены новыя беларускія гатункі і інтэрнэт, як кажуць, у дапамогу.

Зялёныя гронкі, ружовыя, цёмна-сінія, буйныя і драбнейшыя, вельмі салодкія, з кіслінкай – усе сучасныя гатункі не ўступаюць па смаку прывезеным з цёплых краін. Паказваючы свае ўладанні, гаспадар расказвае пра сябе: «Мая прафесія была далёкая ад земляробства, бо працаваў электрыкам у адной з будаўнічых віцебскіх арганізацый. А развядзенне вінаграду было аддушынай, любімай справай». Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, з’явілася намнога больш часу для догляду і развядзення культуры. Ездзіў у Віцебск да вядомага вінаградара Віктара Кухарава, які даў шмат карысных парад. Ад яго прывёз і некалькі чаранкоў, якія разрасліся і даюць ураджай і сёння.

Зараз Леў Прыгун вырошчвае “лору”, “красотку”, “агат данскі”, “аркадзію”, “атос” і іншыя гатункі. “Бажэна” дае буйныя ягады – па 20-25 грамаў кожная, а гронка “надзеі аксайскай” можа дасягнуць да двух кілаграмаў. Вінаград расце не толькі на вуліцы, але і ў парніку – там намнога цяплей, і ягады адчуваюць сябе камфортна, растуць і спеюць хутчэй. Калі летась для вінаграду было ідэальнае лета, то сёлетняе халоднае не вельмі даспадобы ягадам. Тым не менш, да сярэдзіны верасня выспелі ўсе гатункі.

Да вінаграднай справы паступова прыахвоцілася і жонка Галіна Іванаўна.

Правілы догляду

Мы папрасілі Льва Прыгуна даць некалькі карысных рэкамендацый нашым чытачам, якія плануюць вырошчваць вінаград.

«Калі маеце намер пасадзіць пару кусцікаў і мець раннія ягады, то для гэтага рэкамендую ўсё ж парнік, бо там надзейней, – кажа Леў Прыгун. – Глебу трэба перамяшаць з перагноем, на зіму накрыць спанбондам (спачатку белым, а зверху чорным). Калі кусты ўжо дарослыя, на зіму трэба зрабіць абрэзку, пакінуць толькі чатыры галінкі даўжынёй метр-паўтара – адны накіраваць направа паралельна зямлі і ўмацаваць, другія дзве – гэтак жа налева. Вясной кусты варта падняць. З кожнага боку пакідаем па тры-чатыры галінкі і падвязваем да верху. Пасынкі на працягу лета выдаляем рэгулярна.

Падкормліваць вінаград трэба тройчы – у сакавіку, маі і пачатку чэрвеня спецыяльным угнаеннем, якое прадаецца ў магазіне. Апрацоўка ад шкоднікаў і хвароб – па меры неабходнасці».

Вінаград можна не толькі есці свежы, з яго яшчэ і сок можна выціснуць, і варэнне зварыць, і кампот закруціць, дадае Леў Прыгун. А таксама пасушыць на разынкі ці адправіць на замарозку, каб ласавацца потым ягадамі ўсю зіму ці дабаўляць іх у выпечку.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *