Кукурузу ўбіраюць на зерне
На палетках непадалёк ад вёскі Ляжні ўбіраюць кукурузу на зерне тры камбайны ўчастка раслінаводства Дабея ТАА «Вітконпрадукт».
За штурвалам камбайнаў, да якіх прымацавана кукурузная жняярка, – Аляксандр Драздоў, Дзмітрый Бязрукаў і Ігар Літвін. Яны абмалочваюць за дзень да 15 гектараў кукурузных палеткаў. Летам камбайнеры працавалі на палетках “Вітконпрадукта” ў Чашніцкім, Лепельскім, Бешанковіцкім і Ушацкім раёнах.
«Калі шчыра, зерневыя больш падабалася ўбіраць, чым кукурузу, – прызнаецца Дзмітрый Бязрукаў. – Хоць і стаіць спецыяльная жняярка і камбайн ідзе ціха, але рэшаты прыходзіцца часта чысціць, бо забіваюцца валаскамі ад пачаткаў. Трапляюцца і нізкія палеткі, без буксіроўкі ніяк не абыходзімся. Выручае Віталь Сінкевіч на сваім магутным “Кіраўцы”».
КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА
«На Шуміліншчыне ў нас засеяна 811 гектараў кукурузы на зерне, – расказаў начальнік участка раслінаводства Дабея ТАА «Вітконпрадукт» Юрый Пачко. – Сярэдняранні гібрыдны гатунак “ДКС 3050” хутка набірае рост, заўсёды выспявае пры нашых умовах надвор’я, устойлівы да холада, дажджоў, засухі і палягання, утрымлівае вялікую колькасць крухмалу – гэтым і цэніцца. Ураджайнасць добрая – 100 цэнтнераў з гектара будзе. Абмалочанае зерне адвозім на зернесушыльны комплекс ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” у Лепель. Там яно здрабняецца і выкарыстоўваецца на корм жывёле. У тым ліку і на ўчастку па вырошчванні свіней у Дабеі».
Ларыса ЗАЙЦАВА.


