Не хачу жыць пад прыцэлам суседскай відэакамеры
«Я жыву ў прыватным аднакватэрным доме, мой сусед устанавіў на сваім доме дзве камеры відэаназірання, адна з якіх ахоплівае мой зямельны ўчастак і дом. Я сказаў суседу, што не хачу жыць пад прыцэлам яго відэакамеры. На гэта ён груба адказаў, што камеру здымаць не будзе. Што рабіць у гэтай сітуацыі?», – пытае Аляксандр.
На пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна Наталля СІНКЕВІЧ:
– Ажыццяўленне відэаназірання, у выніку якога магчыма ідэнтыфікаваць фізічных асоб, уяўляе сабой апрацоўку персанальных дадзеных. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне персанальных дадзеных» усе асобы, якія трапяць у аб’ектыў камеры відэаназірання вашага суседа, павінны даць на гэта дзеянне свой дазвол. Прадугледжана магчымасць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці парушальніка закона – для гэтага неабходна звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Калі немагчыма знайсці агульную мову з суседам па пытаннях размяшчэння камеры відэаназірання такім чынам, каб яна не захоплівала ваш зямельны ўчастак, вы маеце права звярнуцца ў суд з іскавой заявай аб прымушэнні да дэмантажу камеры відэаназірання. Правільна скласці іскавую заяву вам дапаможа адвакат.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

