«Трактар – агонь, на ім у ахвоту зябліва ўздымаць»
На палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна вядзецца ворыва пад вясеннюю сяўбу. Усяго па раёне трэба ўзняць 8500 гектараў зябліва.
Пабывалі на палетках за вёскай Пабеда, дзе на новым трактары «Беларус-3522» працаваў механізатар КУСГП «Ульскі» Аляксандр Кляцкоў. Ключы ад новай тэхнікі механізатару ўручылі сёлета на раённым свяце хлебаробаў у Кардоне. І вось яна ўжо ў рабоце.
«Трактар – агонь, на ім працаваць у ахвоту, – расказаў Аляксандр. – Трактар магутны, плугі шыроказахопныя, адразу бяруць у шырыню чатыры метры. Уздымаў на ім зябліва ў Федзькаве, Лявонаве, на палетках каля Лескавіч. Глыбіня ворыва – каля 20 сантыметраў. Стараюся, каб пласты глебы добра пераварочваліся, каб трава і карані кукурузы, якая была тут засеяна, добра перагнілі за зіму».
З кабіны трактара Аляксандр Кляцкоў вылез у кашулі, бо печка ў кабіне грэе добра. За рабочы дзень на рахунку механізатара да 20 гектараў узараных палеткаў.
У тэму. На раніцу 23 кастрычніка ў раёне ўзнялі зябліва на плошчы 1333 га (15,7% да плана). Лідзіруе КУСГП «Ульскі», дзе ўзаралі 23,3% да патрэбнага (233 гектары).
Ларыса КІСЯЛЁВА.


