НАРОДНАЕ АПАЛЧЭННЕ. Крок да ўмацавання бяспекі
Ваенная бяспека, шляхі магчымага супрацьстаяння агрэсару – тэмы актуальныя і важныя. Беларусы мірныя людзі, але ў краіне вельмі важна мець не толькі Узброеныя Сілы, але арганізаваны рэзерв на выпадак ваеннага палажэння. Народ павінен быць гатовым абараняць сваю зямлю, сваю краіну – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 17 чэрвеня 2023 года падпісаў Закон № 287-З «Аб народным апалчэнні». Гэта прадуманы крок да ўмацавання нацыянальнай бяспекі.
– Неабходнасць прыняцця закона аб народным апалчэнні абумоўлена многімі фактарамі, – кажа начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў. – Па-першае, гэта стварэнне дадатковых сіл для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага палажэння на тэрыторыях, якія найменш ахоплены органамі ўнутраных спраў і войскамі. А гэта перш за ўсё невялікія населеныя пункты. Па-другое, грамадзяне, якія ў сілу ўзросту ці здароўя не падпадаюць пад мабілізацыю, будуць мець магчымасць удзельнічаць у абароне краіны. Па-трэцяе, абароне краіны ў выпадку неабходнасці будзе нададзены ўсенародны характар. Такім чынам, народныя апалчэнцы – гэты дабравольцы, якія гатовы абараняць сваю малую радзіму. На месцах за іх работу адказваюць прадстаўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў і міліцыі, а агульнае кіраўніцтва ажыццяўляецца мясцовым саветам абароны. Народнае апалчэнне размяшчаецца ў граніцах тэрытарыяльнай адзінкі, дзе яно сфарміравана, а самі апалчэнцы знаходзяцца па месцы жыхарства.
Функцыі народнага апалчэння
Народнае апалчэнне з’яўляецца часткай тэрытарыяльнай абароны. Калі тэрытарыяльная абарона займаецца аховай важных аб’ектаў, напрыклад, мастоў ці пуцеправодаў, то народнае апалчэнне адказвае за абарону свайго населенага пункта і яго людзей, пабудоў, магазінаў. Яно ствараецца для аховы грамадскага парадку, уласнасці ад марадзёрства і іншых супрацьпраўных пасягацельстваў. Дабравольцы – свайго роду памочнікі ўчастковых інспектараў міліцыі. Яны ў адказе за вядзенне разведкі, выяўлення шпіёнаў і дыверсантаў, забеспячэнне каменданцкага часу, абмежаванне руху транспартных сродкаў. Народнае апалчэнне заклікана дапамагаць у тыле.
Колькасць, фінансаванне
Атрады народнага апалчэння і іх колькасць вызначаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Матэрыяльнае забеспячэнне дабравольцаў – за сродкі мясцовых бюджэтаў, добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных і фізічных асоб. З адменай ваеннага палажэння атрады народнага апалчэння расфарміроўваюцца.
Сацыяльныя гарантыі дабравольцаў
Законам прадугледжана, што дабравольцы пры выкананні сваіх абавязкаў атрымаюць ад дзяржавы сацыяльныя гарантыі, якія ўстаноўлены для ваеннаслужачых, што праходзяць ваенную службу па мабілізацыі. Пры гэтым за людзьмі захоўваецца рабочае месца, сярэдні заробак. Дабравольцам выдаецца стралковая зброя, асваенне якой не выклікае цяжкасцей.
Каму нельга быць народным апалчэнцам
Людзі, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленыя волі на вызначаны тэрмін ці пажыццёва. Не могуць уступіць у народнае апалчэнне арыштаваныя асобы ці заключаныя пад варту, якія прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана недзеяздольнымі, а таксама маючыя захворванні ці фізічныя недахопы, пры наяўнасці якіх супрацьпаказана валоданне зброяй.
Народнае апалчэнне ў раёне
Атрады народнага апалчэння фарміруюцца на падставе рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Такія атрады ў мінулым годзе створаны пры кожным з васьмі сельвыканкамаў раёна. Супрацоўнікі РАУС правялі з народнымі апалчэнцамі вучобу, выбраны камандзіры атрадаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

