Первые шумилинские призывники отправились на военную службу

Молодёжь Общество

Шумілінскія прызыўнікі адправіліся ў войска

 23 кастрычніка на Шуміліншчыне пачалася адпраўка прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу.

У першы дзень у армію праводзілі Яўгена Будневіча, Кірыла Галузу, Данііла Шніпава і Антона Сушынскага, якія будуць служыць у 103‑й гвардзейскай паветрана‑дэсантнай дывізіі ў Віцебску. Кожны з хлопцаў з гонарам адзначыў, што служыць хацеў менавіта тут.
– Я буду праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў спартыўнай роце, – пазяліўся Антон Сушынскі. – Мне, як прафесійнаму валейбалісту (Антон мае дзеючы кантракт з адным з валейбольных беларускіх клубаў, – аўт.), было прынцыпова трапіць менавіта сюды. Тут выдатная спартыўная база.
– Я па накіраванні адасобленай групы скончыў бясплатныя курсы вадзіцеля ў віцебскім ДТСААФ. І цяпер буду вадзіцелем у 103‑й брыгадзе, – адзначыў Кірыл Галуза. – Гэта быў мой усвядомлены выбар.

– Для мяне гонар стаць дэсантнікам, – падкрэсліў Яўген Будневіч. – Мяне праводзіць прыйшоў і двухгадовы пляменнік Ярык. І я пастараюся служыць годна, каб ён рос пад мірным небам.

– Сапраўдны мужчына не вагаецца наконт службы, – сказаў Данііл Шніпаў. – З дзяцінства марыў пра блакітны берэт, які, спадзяюся, вельмі хутка атрымаю.

Годнай службы пажадалі хлопцам старшыня раённай арганізацыі «Дэсантнае Шумілінскае братэрства» Аляксандр Коржаль і актывіст арганізацыі Васіль Карпушэнка.

150 навабранцаў Віцебскай вобласці адправіліся ў 103‑ю гвардзейскую паветрана‑дэсантную брыгаду. Урачыстая цырымонія ўпершыню прайшла на плошчы Сцяга і Герба  ў Віцебску.

Пажаданні навабранцы пачулі ад намесніка старшыні аблвыканкама Вячаслава Дурнова і ваеннага камісара Віцебскай вобласці палкоўніка Сяргея Кунахаўца.

З пачуццём гонару праводзілі сына Кірыла шумілінцы Аляксандр і Святлана Галуза. Святлана ад імя ўсіх маці дала хлопцам мацярынскі наказ: «Лёгкай вам службы. Упэўнена, што ўсё ў вас атрымаецца. І памятайце, што вас вельмі чакаюць дома».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *