Новы арачнік для солі
На тэрыторыі так званай базы пясчана-саляной сумесі ДЭУ-36 з боку дарогі Бешанковічы-Казьяны (не даязджаючы да Тропіна) ідзе будаўніцтва, тут працуюць некалькі відаў тэхнікі і дарожная брыгада.
«Узводзім арачнік для захоўвання солі, – расказаў начальнік дыстанцыі № 364 ДЭУ‑36 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Прыходзька. – Раней заклалі фундаментныя блокі, устанавілі металаканструкцыю і абцягнулі тэнтам. Унутры ўстаўліваем драўляныя шчыты, каб соль не дакраналася да металу. Падлогу пабудовы заасфальтавалі, робім зручныя пад’язныя шляхі. У арачнік змесціцца 1,5 тысячы тон солі».
Уся справа ў тым, што з гэтага года дарогі рэспубліканскага значэння першай і другой катэгорый будуць пасыпацца чыстай тэхнічнай каменнай соллю «Галіт» маркі А. У нашым раёне гэта тычыцца аўтатрасы Р‑20.
Чаму чыстая соль?
У Беларусі ёсць вопыт Міншчыны і другіх рэгіёнаў, калі для падсыпкі дарог выкарыстоўваецца чыстая соль, а не пясчана-саляная сумесь. Чаму гэта выгадна? Па-першае, не трэба траціць грошы на закупку пяску, якога ў нашым раёне праблемна купіць. Па-другое, ідзе эканомія паліва і часу (грэйдар, пагрузчык і раскідвальнік пяску няма патрэбы выкарыстоўваць, дастаткова аднаго аўтамабіля для падсыпкі дарог соллю). Спецыялісты падлічылі, што эканомія атрымліваецца практычна ў два разы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

