Агню – стоп, калі сігналізатар дыму ў доме
У Шумілінскім раёне працягваецца маштабная інфармацыйная кампанія: ратавальнікі наведваюць працоўныя калектывы, расказваюць пра эфектыўнасць і карысць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і прама на месцы паказваюць, як яны працуюць. Асаблівую ўвагу надаюць дамам сацыяльна неабароненых грамадзян.
Сумесна з Віцебскім прадпрыемствам супрацьпажарных работ і тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна ратавальнікі ўстанаўліваюць апавяшчальнікі адзінокім, адзінока пражываючым сталым людзям. На сённяшні дзень у рамках інфармацыйнай кампаніі ўстаноўлена каля 40 прыбораў.
Прыемна адзначыць, што разумеюць важнасць пытання і не застаюцца ў баку прадпрыемствы і арганізацыі раёна – набываюць і ўстанаўліваюць АПА сваім ветэранам працы. Спонсарскую дапамогу ў набыцці прыбораў-«дэтэктараў дыму» аказала і раённая арганізацыя РГА «Белая Русь».
Лепш загадзя паклапаціцца пра бяспеку свайго жылля, нагадваюць спецыялісты. Устаноўка апавяшчальніка – просты і надзейны спосаб абараніць сябе і блізкіх ад агню.
Ратавальнікі падчас прафілактычных сустрэч у працоўных калектывах і домаўладаннях грамадзян не забываюць нагадваць алгарытм дзеянняў пры пажары, заклікаюць быць асцярожнымі з пячным ацяпленнем і электрапрыборамі, а таксама не курыць у жылых памяшканнях. У завяршэнне сустрэч грамадзяне атрымліваюць буклеты з карыснымі парадамі ад МНС.


