МАХЛЯРЫ атакуюць праз VIBER
«У апошні час вельмі часта нашы следчыя ўзбуджаюць крымінальныя справы па фактах кіберзлачынстваў, – пачала гутарку часова выконваючая абавязкі намесніка начальніка Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Каяновіч. – У пасткі махляроў трапляюць людзі розных узростаў і розных сацыяльных груп. Кожны раз прыдумваюцца новыя схемы падману даверлівых грамадзян».
30-гадоваму мужчыну патэлефанавалі з невядомага нумара. Прадставіліся работнікамі Белпошты, расказалі, што на яго прозвішча паступіў заказны ліст. Удакладнілі адрас дастаўкі, пашпартныя дадзеныя і сказалі, што ў пацвярджэнне дадзеных трэба перадаць СМС-код, які прыйдзе яму на тэлефон. Праз пару хвілін на Ватсап патэлефанаваў супрацоўнік аддзела лічбавай бяспекі службы па наглядзе за электрасувяззю і сказаў, што папярэдні званок здзейснілі махляры, якія зараз афармляюць на яго крэдыт. Пасля гэтага «пераключылі» на супрацоўніка Дзяржкантролю. «Каб перакрыць крэдыт, вам неабходна ўзяць крэдыт на 20 тысяч рублёў і перавесці сродкі на спецрахунак», – рэкамендаваў той.
У банку мужчыну параілі звярнуцца ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа па факце спробы здзяйснення махлярства ў буйным памеры.
68-гадовай жыхарцы Шуміліна патэлефанаваў «супрацоўнік Дэпартаменту фінансавай міліцыі»: «На вашу банкаўскую картку аформлены вялікія крэдыты. Калі вы не будзеце з намі супрацоўнічаць, вас пасадзяць у турму». Тэлефонным махлярам жанчына пераслала фотаздымкі пашпарта і банкаўскай карткі. Затым невядомыя дапамаглі ўстанавіць на тэлефон праграму аддаленага доступу – і такім чынам атрымалі поўны доступ да смартфона пенсіянеркі. З яе банкаўскай карткі было спісана 3 500 рублёў.
Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
21-гадоваму жыхару райцэнтра патэлефанаваў «следчы» Следчага камітэта і паведаміў, што на яго ўзяты крэдыт на 44 тысячы рублёў, грошы пераведзены на фінансаванне тэрарыстычнай арганізацыі. «Зараз з вобыскам прыйдзе міліцыя, – грозна гучала ў тэлефоне. – У вас канфіскуюць усе грошы і каштоўнасці, што ёсць у доме». Малады мужчына дастаў са сховішча бацькоўскія грошы і паклаў сабе на картрахунак. А затым пачаў пераводзіць грошы на «спецрахунак для іх дэкларавання».
Такім чынам сям’я згубіла 4600 рублёў. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.
– Хочацца ў чарговы раз звярнуцца да жыхароў раёна з просьбай нікому па тэлефоне не даваць персанальныя дадзеныя і не ўстанаўліваць на смартфон па просьбе незнаёмцаў дадаткі, – адзначае Кацярына Каяновіч. – Запомніце: супрацоўнікі банкаў, пракуратуры, міліцыі, мабільных аператараў ніколі не тэлефануюць на вайбер ці ватсап, не просяць асабістыя персанальныя дадзеныя, не просяць перавесці грошы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

