Стаўка на якасць
Відэакантроль, відэааналітыка, кібербяспека, відэасэрвісы, воблачны дыск, тэхніка ў растэрміноўку і многае іншае – «Белтэлекам» ужо даўно перастаў асацыявацца толькі з традыцыйнымі паслугамі сувязі. Пра тое, як шумілінскія сувязісты вырашаюць глабальную задачу, пастаўленую Прэзідэнтам краіны ў пяцігодку якасці, па паляпшэнні якасці паслуг, што ўдалося зрабіць у 2025 годзе і якія галоўныя задачы вызначаны на 2026-ы год, расказвае начальнік Шумілінскага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам» Юрый МАСКАЛЬКОЎ.
– Адразу некалькі прынцыпаў дапамагаюць нам паспяхова развівацца і заставацца ў трэндзе, – адзначае Юрый Рыгоравіч. – Першы – смелае ўкараненне інавацый і тэхналагічнае развіццё. Тут усё элементарна: каб заставацца ў топе і пастаянна прапаноўваць кліентам актуальныя паслугі, неабходна не баяцца быць наватарам. Другі прынцып – высокая якасць. Мы заўсёды ўдзяляем вялікую ўвагу якасці абслугоўвання нашых кліентаў, імкнучыся задаволіць іх патрэбы на самым высокім узроўні, незалежна ад таго, тычыцца гэта непасрэдна аказання паслуг або, да прыкладу, дастаўкі тавару да парога дома кліента. Попыт нараджае прапанову, а значыць, канкурэнтаздольнае прадпрыемства павінна задавальняць запыты сваіх кліентаў.
Яшчэ адзін напрамак, які з’яўляецца важным, адзначае начальнік участка, – інвестыцыі ў развіццё. «Мы пастаянна развіваем сваю інфраструктуру, паляпшаем тэхналогіі і методыку навучання персаналу, што станоўча ўплывае як на якасць абслугоўвання абанентаў, так і на якасць прадстаўляемых паслуг, – працягвае ён. – У гэтым годзе мы пачалі мадэрнізаваць свае сеткі ў г. п. Обаль. У шматпавярховым жыллі ўжо пракладзены валаконна‑аптычныя лініі сувязі, жыхары прыватнай забудовы, сярод якіх шмат дачнікаў, ацэняць перавагі сучаснай тэхналогіі ў першай палове 2026 года. Бо дзякуючы валаконна‑аптычным лініям сувязі ў нашых абанентаў з’явяцца новыя магчымасці – высокія хуткасці падключэння да сеткі Інтэрнэт, лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, у тым ліку ў HD‑якасці адначасова на некалькіх ТБ‑прыёмніках, якасная тэлефонная сувязь, паслуга «Відэакантроль», якая стала вельмі запатрабаванай у нашых абанентаў, і шырокі спектр дадатковых сэрвісаў».
Безумоўна, не застаюцца без увагі аграгарадкі. У гэтым годзе завершаны работы па мадэрнізацыі і будаўніцтве сучасных сетак па тэхналогіі GPON у Башнях. Аб’ём работ праведзены каласальны, у іх ліку самыя працаёмкія – земляныя. Сувязісты будавалі тэлефонныя каналізацыі, усталёўвалі калодзежы. І так складвалася, што часта працавалі ў дождж, снег і холад. «Мы дзякуем жыхарам населеных пунктаў за цярпенне і разуменне падчас нашых будаўнічых работ на вуліцах пасёлкаў», – звярнуўся да жыхароў раёна Юрый Маскалькоў.
На наступны год шумілінскія сувязісты плануюць пачаць рэканструкцыю сетак у аграгарадку Мішневічы, а таксама ў сельскім населеным пункце Мікалаева.
«Мы ставім перад сабой задачу не змяншаць тэмпы: працягваць укараняць інавацыі, прасоўваць паслугі, удасканальваць вытворчую інфраструктуру. Наша галоўная мэта – адпавядаць высокім стандартам, годным дзяржаўнага нацыянальнага аператара электрасувязі», – падвёў вынікі размовы Юрый Маскалькоў.
Алена КАРПУШЭНКА.

