2026 год аб’яўлены Прэзідэнтам Годам беларускай жанчыны. ДАВЕДАЛІСЯ, ШТО ПРА ГЭТА ДУМАЮЦЬ ШУМІЛІНЦЫ
Наталля КРЫЎКО, старшыня раённага савета ГА «Беларускі саюз жанчын»:
– Навагодні зварот Прэзідэнта нам, жанчынам, прыйшоўся па душы – нечакана, але вельмі прыемна. Дзякуй Кіраўніку дзяржавы – у час святочнай прамовы мы выслухалі шмат кампліментаў. Думаю, у многіх краінах па добраму пазайздросцілі нам, беларускім жанчынам. А мы адчулі, наколькі важныя для краіны. Мы працуем, вучымся, кіруем, займаемся творчасцю, выхоўваем дзяцей, займаемся дабрачыннасцю. Пастараемся ўсё гэта сёлета памножыць. Год стане платформай для жаночых ініцыятыў раённай арганізацыі, для прапаганды сямейных каштоўнасцей, падтрымкі мацярынства. Мы гатовы ўдзельнічаць у дабрачынных акцыях, дзяліцца вопытам і ведамі.
Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар Мікіціхінскай СШ імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова, дэпутат Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў:
– Рашэнне нашага Прэзідэнта падкрэсліць ролю жанчыны ў грамадстве, аб’явіўшы 2026 год Годам беларускай жанчыны, – вельмі правільнае і своечасовае. Яно надае значнасці нашай працы і паказвае, што клопат і любоў – аснова моцнай Беларусі. Беларуская жанчына – гэта перш за ўсё чалавек працы. Яна не чакае асаблівых умоў, а проста робіць сваю справу: клапоціцца пра сям’ю, падтрымлівае, вырашае праблемы, нараджае і выхоўвае дзяцей. Як сказаў кіраўнік дзяржавы ў навагоднім звароце: «Без любові да жанчыны сапраўднай любові быць не можа». Гэта адчуваецца ўсюды – ад утульнасці ў доме да атмасферы ў калектыве. Так было, так ёсць і так, пераканана, будзе ў нашай краіне.
Вячаслаў ВОРАНАЎ, першы намеснік начальніка РАУС:
– Аб’яўленне 2026 года Годам беларускай жанчыны – гэта сімвал павагі да яе ролі ў грамадстве. У жанчыны многа місій: яна маці, жонка, сястра, дачка… Яе ўклад у развіццё нашага раёна і краіны ў цэлым неацэнны. Сёлетні год – нагода для пахвалы і захаплення жанчынамі не толькі на сакавіцкае свята, а ўсе 365 дзён у годзе. Мы прызнаём ключавую ролю жанчын у грамадстве – без вашай абаяльнасці, настойлівасці, клапатлівасці і гаспадарлівасці нам, мужчынам, цяжка.
Наталля БАНЦЭР, начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёна:
– Вельмі прыемна, што нас, беларускіх жанчын, ацанілі на самым высокім узроўні. Упэўнена кажу, што кожная з нас – апора дзяржавы, на нас можна ўскласці самыя адказныя задачы. І мы справімся. І пачуць у навагоднюю ноч ад нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што 2026 год – Год беларускай жанчыны – самы нечаканы і прыемны падарунак.
Аляксандр САЧЫЎКА, дырэктар Обальскай СШ:
– Поўнасцю падтрымліваю Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку . Бо на самой справе без беларускіх жанчын немагчыма ўявіць ні адну сферу дзейнасці. Як кажуць, усё трымаецца на жаночых плячах. А яшчэ нашы жанчыны – дамавітыя гаспадыні і захавальніцы сямейнага дабрабыту.

