Елена Жижова: «Самое главное — уметь работать с людьми»

2026 - Год белорусской женщины Общество

«Самае галоўнае – умець працаваць з людзьмі»

Адказны і сумленны работнік, цудоўны чалавек, шчырая і абаяльная жанчына – гэтыя словы пра кіраўніка спраў Лаўжанскага сельвыканкама Алену ЖЫЖОВУ, якая на гэтай пасадзе працуе 36 гадоў. 8 студзеня яна адзначыла асабісты юбілей.

Жыццё Алены Жыжовай непарыўна звязана з вёскай. Нарадзілася ў вёсцы Цаўі, тут жыве, адсюль на работу ездзіць у аграгарадок Мікіціха. У маладосці не думала, што будзе працаваць у сельсавеце. Вывучылася ў Полацку на бухгалтара і прыехала ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Яе, мэтанакіраваную і актыўную, праз некалькі гадоў абралі дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў.

А ў 1990 годзе, калі патрэбен быў сакратар у мясцовы сельвыканкам, дэпутаты прапанавалі Алену Пятроўну. Гэта для 24-гадовай дзяўчыны было поўнай нечаканасцю. «Я вельмі баялася такой адказнай пасады, не ведала, з чаго пачынаць, – усміхаецца Алена Пятроўна. – Тым больш, што старшынёй сельвыканкама быў абраны таксама новы чалавек – П. І. Гарбачык, былы кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Ён мяне падбадзёрваў і казаў: “Не бойся, Алена, і мядзведзя вучаць. Няўжо мы з табой горшыя?”. Неўзабаве мяне накіравалі на двухмесячныя курсы ў Мінску, а потым у Віцебск. Звярталася да былога сакратара сельсавета Надзеі Яцук, прасіла дапамогі ў калег – Яўгеніі Маханьковай з Сіроціна, Ніны Косцюшавай з Лявонава. Паступова ўнікла ў нюансы і цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што самае галоўнае для кіраўніка спраў (так пасада называецца з 2010 года) – гэта работа з людзьмі».

У Алены Жыжовай вялікі аб’ём работы: яна выдае даведкі аб месцы жыхарства і саставе сям’і, вядзе ўлік ваеннаабавязаных, рэгістрацыю шлюбаў і нараджэння дзяцей, устанаўлення бацькоўства. Да яе звяртаюцца наконт паляпшэння жыллёвых умоў, яна прымае звароты грамадзян па розных праблемах. Заўсёды ўважлівая, трымае сувязь з многімі арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна.

Алена Жыжова – адданы сваёй рабоце чалавек, вяскоўцы яе цэняць і паважаюць не толькі за адказнасць і прафесіяналізм, але ў першую чаргу за шчырасць, дабрыню і ўважлівыя адносіны да людзей. Ад іх неаднаразова кіраўнік спраў атрымлівала падзякі за работу.

У дзень нараджэння павіншаваць Алену Жыжову прыехалі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. «Вам пашчасціла адзначаць юбілей у Год беларускай жанчыны. Ад усёй душы віншуем вас! – адзначыў, уручаючы кветкі, кіраўнік раёна. – Дзякуй вам за добрасумленную шматгадовую працу. Зычым вам дабрабыту, здароўя і поспехаў». Да віншаванняў далучыліся старшыня сельвыканкама Юлія Савасцьянава і былыя калегі Алены Жыжовай.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Алена Жыжова прымае віншаванні ад Мікалая Будневіча і Руслана Матвейчука



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *