Год белорусской женщины. Старейшину выбирают по доверию людей, по активности и желанию помочь

2026 - Год белорусской женщины Общество

Выбіраюць па даверы людзей, па актыўнасці

Старэйшын вёсак выбіраюць не па ўзросце, а па даверы людзей, па актыўнасці, жаданні дапамагчы, прапанаваць карысныя грамадскія ініцыятывы. Зыходзячы з гэтых пазіцый, Ганна Арсенцьеўна ПЛЯШКОВА як ніхто падыходзіць на гэтую пасаду, яна з’яўляецца старэйшынай вёскі Полькавічы Каўлякоўскага сельсавета добрыя паўтара дзясятка гадоў.

Ганна Пляшкова добра ведае вёску, людзей, якія тут пражываюць, доўгі час была загадчыцай дзіцячага сада і дырэктарам школы. У Полькавічах пражывае каля шасцідзесяці чалавек, у асноўным людзі сталага ўзросту, але ёсць і працаздольнага, якія рупяцца ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве ці ў суседнім Бешанковіцкім раёне, да якога рукой падаць.

«Я люблю сваю вёску, – кажа Ганна Арсенцьеўна. – Мне пашанцавала з землякамі: усе стараюцца наводзіць парадак на сваіх падворках. Ім і нагадваць не трэба, што варта абкасіць, падгрэбсці лістоту ці падрамантаваць агароджу. Адным словам, стараюцца для сябе, трымаюць марку».

Г. А. Пляшкова, як і многія мясцовыя людзі, з задавальненнем наведвае мясцовы клуб-бібліятэку, дзе займаюцца мастацкай самадзейнасцю, рыхтуюць канцэрты. Яна заўсёды ў курсе местачковых падзей: ведае, дзе праблемы з калонкамі, дзе трэба грэйдзіраваць ці чысціць дарогі, хто захварэў і каму патрэбна дапамога. Калі не атрымліваецца звязацца напрамую з прадстаўнікамі адказных арганізацый, то гэта робяць работнікі Каўлякоўскага сельвыканкама, з якімі старэйшына заўсёды на сувязі.

«Ганна Арсенцьеўна наша першая памочніца, – кажа старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Віктар Калыхан. – На тэрыторыі сельсавета 41 вёска, і да кожнай жа не даедзеш, асабліва, калі трэба тэрмінова. Тады старэйшыны – як палачка-выручалачка. Ганна Арсенцьеўна ўваходзіць у склад камісіі па пажарнай бяспецы – разам з работнікамі РАНС правяраем, ці падрыхтаваны печкі да зімы, ці патрабуе замены электраправодка. Кожны год дапамагае прадстаўляць брэнд сельсавета падчас раённага свята на Дзень Незалежнасці. Адным словам, старэйшына Полькавіч – наша добрая памочніца, працуем з ёй у адной звязцы і на адну мэту – дзеля дабрабыту людзей. Ёй у рабоце дапамагаюць арганізатарскія здольнасці, працоўны вопыт, уменне ладзіць з людзьмі».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *