В Шумилинском районе подвели итоги Года благоустройства

2025 - Год благоустройства Главное

ГОД  ВЯЛІКАГА  АБНАЎЛЕННЯ:  як Год добраўпарадкавання зрабіў раён больш прыгожым, камфортным і ўтульным

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2025 год быў абвешчаны Годам добраўпарадкавання. Ён даў старт пяцігодцы якасці і прадугледжваў комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычнага асяроддзя жыццядзейнасці людзей.

Указ прадугледжваў сумесную дзейнасць дзяржавы, арганізацый і грамадзян па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых аб’ектаў, падтрыманні належнага стану тэрыторый каля дарог. Як прайшоў Год добраўпарадкавання на тэрыторыі Шумілінскага раёна, расказала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шумілінскага райвыканкама Юлія ЗЯНЬКОВА.
– Пасля абвяшчэння Указа аб аб’яўленні Года добраўпарадкавання было прынята рашэнне Шумілінскага райвыканкама “Аб мерах па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Шумілінскага раёна на 2025 год”, яшчэ адным рашэннем зацверджаны План мерапрыемстваў па правядзенні Года добраўпарадкавання на тэрыторыі (аб’ектах) Шумілінскага раёна ў 2025 годзе. Усе ўстаноўленыя гэтымі планамі паказчыкі выкананы ў поўным аб’ёме.

Праведзены два рэспубліканскія і тры раённыя суботнікі, у якіх прынялі ўдзел у агульнай колькасці больш за 15 тысяч чалавек, зароблена больш за 22 тысячы рублёў. Праводзіліся месячнікі па навядзенні парадку на зямлі, штотыднёвыя санітарныя дні. Ліквідавана 97 несанкцыянаваных сметнікаў у населеных пунктах раёна, праведзена санітарная ачыстка 72 грамадзянскіх могілак. Выдалены 92 аварыйныя дрэвы на грамадзянскіх могілках, 142 – у населеных пунктах. З раённага бюджэту на добраўпарадкаванне выдаткавана 1,78 мільёна рублёў.

– У першую чаргу мерапрыемствы былі накіраваны на стварэнне камфортных умоў жыцця людзей. Што зроблена ў гэтым напрамку?

– Выкананы капітальны рамонт 4 шматкватэрных жылых дамоў у Шуміліне і аграгарадку Башні. Выкананы работы па афарбоўцы фасадаў 10 шматкватэрных дамоў у Шуміліне, аграгарадках Кардон і Мікіціха.

УП ЖКГ устанавіла, адрамантавала ці пафарбавала малыя архітэктурныя формы, лаўкі, сметніцы ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. Устаноўлены новыя дзіцячыя пляцоўкі ў Шуміліне, Башнях, адрамантавана 66 дзіцячых, гульнявых і спартыўных пляцовак. Выкананы рамонт 8 шахтавых калодзежаў. Адрамантавана больш за 30 кантэйнерных пляцовак у сельскіх населеных пунктах і г. п. Обаль. У райцэнтры ўстаноўлена 5 новых кантэйнерных пляцовак для буйнагабарытных цвёрдых камунальных адходаў. Закуплена 110 кантэйнераў, набыты смеццявоз з бакавой загрузкай.

Заменена на святлодыёдныя больш за 340 свяцільнікаў вулічнага асвятлення на суму 50 тысяч рублёў.

УП “Полацкводаканал” замяніў 4,7 км вадаправодных сетак, усталяваў 6 установак водаачысткі (вёскі Саўчонкі, Жданоўка, Ізгародзішча, Кавалеўшчына, Ілава, Навікі).

– Многія жыхары і госці Шуміліна заўважылі на вуліцах шмат новых дрэў і дэкаратыўных кустоў. Якая праведзена работа па азеляненні?

– Работа па азеляненні не толькі райцэнтра, але і пасёлка Обаль, аграгарадкоў і вёсак ідзе штогод. Летась высаджана больш за 800 дрэў і больш за 3 тысячы дэкаратыўных кустоў у Шуміліне, Обалі, Светласельскім, Дабеі, Амбросавічах, Заграмадзіне, Крывым Сяле, Мішневічах і інш. Населеныя пункты ўпрыгожылі чубушнік, вейгела, розныя віды спірэі і барбарысу, кізільнік, фарзіцыя, ружы. На клумбах і рабатках высаджана больш за 22 тысячы расады кветак, уладкаваны газон (0,3 га) на вуліцы Кароткіна райцэнтра. За кошт сродкаў, якія паступаюць у бюджэт раёна ад кампенсацыйных мерапрыемстваў, закуплена і пасаджана пасадачнага матэрыялу на суму больш за 154 тысячы рублёў.

– У 2025 годзе мы адзначалі 80-годдзе Перамогі. Якія мерапрыемствы Года добраўпарадкавання былі прымеркаваны да гэтай даты?

– Безумоўна, нельга было абысці гэтую знамянальную дату. Штогод праводзіцца рамонт помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Летась ўжо на першым суботніку 12 красавіка праводзіліся работы па навядзенні парадку на ўсіх помніках і воінскіх пахаваннях. Праведзены рамонт памятных знакаў у аграгарадках Амбросавічы, Крывое Сяло, Светласельскі, Слабада, Кардон, Мікіціха, вёсках Тропіна, Андрэеўка, Барсукі, Дворышча, Рыбчына, Заграмадзіна. Разам з сельсаветамі былі ўсталяваны 20 стэндаў у гонар Герояў Савецкага Саюза, чыі імёны носяць вуліцы ў гарадскіх пасёлках Шуміліна, Обаль аграгарадках Кардон, Крывое Сяло, Мішневічы, Слабада, вёсцы Сіроціна. Былі зроблены кветкавыя кампазіцыі ў выглядзе дзяржаўнага герба і флага краіны па вуліцы Юбілейнай, у скверы Воінскай славы, на тэрыторыі СШ № 1.

Па грамадзянскай ініцыятыве ў парку г. п. Шуміліна ўстаноўлена карта спаленых вёсак на тэрыторыі раёна. Сіламі грамадскіх арганізацый і насельніцтва добраўпарадкавана месца расстрэлу партызан і мірных жыхароў у Сіроціне.

– Як ішлі дарожныя работы ў Год добраўпарадкавання?

– Бягучы рамонт выкананы на 21 тысячы квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі на суму больш за 784 тысячы рублёў, у тым ліку ў аграгарадку Кардон – на 200 тысяч. Заасфальтавана 7 прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў у Обалі і Шуміліне, аграгарадку Башні.

Адрамантавана 30,3 км мясцовых аўтамабільных дарог на суму больш за 6,5 мільёна рублёў. Праведзена рэканструкцыя мастоў у в. Пагіршчына (амаль 2,9 млн. руб.) і в. Грышаны (амаль 800 тыс. руб.).

– Насельніцтва ў вёсках, асабліва аддаленых, змяншаецца, а закінутыя дамы разбураюцца, і гэта не ўпрыгожвае вёскі. Прэзідэнт краіны неаднаразова заклікаў уцягваць у абарот пустуючыя дамы, прадаваць іх. Што робіцца ў раёне?

– Работа з такімі аб’ектамі вядзецца. На 9 снежня ў Адзіны рэестр пустуючых дамоў уключаны 103 дамы. Было даведзена заданне знесці 41 пустуючы дом. За год уцягнуты ў абарот 44 дамы: 39 знесены (29 – УП ЖКГ, 10 – насельніцтвам), 5 прададзены (1 – праз аўкцыён, 4 – за 1 БВ). За студзень-лістапад выяўлена 58 пустуючых дамоў. Вядзецца работа па іх уключэнні ў рэестр. Было знесена 10 пустуючых і лядашчых арэндных дамоў, не заселеных больш за 6 месяцаў.

– Вы ўжо прыводзілі прыклады грамадзянскай актыўнасці ў навядзенні парадку. А што яшчэ зроблена жыхарамі раёна па ўласнай ініцыятыве?

– Былі рэалізаваны дзве грамадзянскія ініцыятывы: “Новае жыццё валуна Вялікі камень” (в. Горкі) – праведзена асфальтаванне пад’езда да помніка прыроды (1 км), устаноўлена новая альтанка, высаджана больш за 130 дрэў, набыты VR-акуляры і праграмнае забеспячэнне для іх, і “Марсіянскі пейзаж як на далоні” (в. Вішня) – абсталявана аглядавая пляцоўка. Шумілінскі лясгас стварыў экалагічную сцежку ў дэндрапарку.

Прыемна адзначыць, што многія жыхары праяўлялі ініцыятыву ў навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, грамадзянскіх могілак.

Суботнікі па навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках правялі жыхары аграгарадка Крывое Сяло, вёсак Сураўні, Лескавічы, Духравічы і Слабада. Высякалі хмызняк на вуліцах населеных пунктаў жыхары Грудзінава, Дворышча, Пабеды, Крывога Сяла. Рамантавалі і фарбавалі лаўкі і агароджу ў грамадскіх месцах у Мішневічах, Слабадзе, Пабедзе. У Обалі з удзелам жыхароў дома № 13 па вул. Першамайскай уладкавана аўтастаянка, а жыхары дома № 17 па вул. Зяньковай пасадзілі каля дома ядлоўцы і туі.

Год добраўпарадкавання завяршыўся, але тэма навядзення парадку на зямлі і ў населеных пунктах застаецца. Гэта не разавая акцыя, а штодзённая сістэматычная работа, якая будзе працягвацца. Падтрыманне парадку ў населеных пунктах – не толькі маральны доўг кожнага грамадзяніна, але і абавязак, ускладзены заканадаўствам. Гэта нашы адносіны да сваёй роднай зямлі, да сваёй Бацькаўшчыны. І ад нашай сумеснай работы будзе залежыць дабрабыт, працвітанне і знешні выгляд нашай малой радзімы.

Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *