Тры зоркі на алімпіядным небасхіле
Плённа пачаўся год на Шуміліншчыне. На гэты раз добрыя навіны прыйшлі са сферы адукацыі, у прыватнасці, з трэцяга (абласнога) этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, адкуль нашы вучні прывезлі тры дыпломы!
Першая зорка на інтэлектуальным небасхіле – Яраслаў ЛАЗОЎСКІ, вучань 10 класа СШ № 1 г. п. Шуміліна. Хлопец узяў першае месца па хіміі. Адна з самых складаных навук, а ён рашыў алімпіядныя заданні, як нешта лёгкае і абыдзенае. Як сам кажа, «трэба было проста падумаць, як у лабараторыі». А яшчэ – мець побач чалавека, якому верыш і які верыць у цябе. Гэта пра настаўніцу Вольгу Церашчук. Яраслаў тры гады запар дэманструе цудоўныя веды на абласным этапе: будучы васьмікласнікам, заваяваў дыплом ІІІ ступені па матэматыцы, летась – дыплом ІІІ ступені па хіміі.
Другая наша зорка – Соф’я МАЛАШОНАК. Яна аднакласніца Яраслава, толькі вельмі ўлюбёная ў біялогію. І прывезла з абласной алімпіяды дыплом ІІ ступені. Соф’я кажа, што жывёлы і расліны – гэта як жывы пазл, і яе заўсёды цікавіла, як ён складваецца. Вынікі дзяўчына паказала як і ў мінулым годзе. І тут, вядома, адчуваецца рука настаўніцы Святланы Кучмаровай, якая дапамагла ўбачыць у гэтым пазле цэлую карціну.
Трэцяя зорка запалілася ў СШ № 2 г. п. Шуміліна. Дар’я КАЛЕСНІКАВА вырашыла, што беларуская мова і літаратура – гэта тое, дзе яна хоча і можа быць лепшай. І стала, заваяваўшы дыплом ІІ ступені. «Для мяне кожны верш, кожнае слова – адчуванне сэрцам, – адзначае Дар’я. – Гэта ж наша, роднае, яго трэба ведаць». І навучыла не толькі ведаць, але і адчуваць роднае слова, настаўніца Ала Навуменка.
– У нас расце новае інтэлектуальнае пакаленне. Дзеці не проста вучацца, яны перамагаюць. А за іх плячыма – тыя, хто ўмее навучыць не толькі правілам, а і перамагаць. Хочацца ўсіх павіншаваць. Гэта агульная перамога дзяцей, настаўнікаў і бацькоў, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая на ўрачыстай сустрэчы з пераможцамі і іх настаўнікамі, якая прайшла ўчора ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. – Упэўнена, што гэта толькі пачатак.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

