Ішла Каляда з казой і песнямі пад баян
13 студзеня ўвечары ад Шумілінскага раённага цэнтра культуры ў калядны шлях адправіўся мікрааўтобус з тэатралізаванымі героямі і спевакамі з народнага фальклорнага калектыва “Гульбічы”.
Першай калядоўшчыкаў сустракала сям’я і госці Наталлі Хамаганавай. Гаспадыня шмат гадоў кожны раз чакае ў сваёй хаце Каляду і шчодра яе прымае. Яна верыць, што калі пусціць Каляду у хату, гэта абяцае радасць, дастатак, поспех і росквіт сям’і на ўвесь год.
Другой кропкай прыпынку стала сям’я Анэты Антонавай. Сустрэчы з Калядой асабліва радаваліся маленькія дзеці. Малодшая дачка нават адпусціла з рук маленькае кацяня і пусцілася разам з Казой у скокі.
Потым калядоўшчыкаў сустракала Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна не першы год запрашае да сябе такіх гасцей: яна з задавальненнем падпявала і падтанцоўвала героям вечара, падкормлівала Казу і Мядзведзя цукеркамі, а ўзамен прымала добрыя пажаданні на бягучы год.
Апошнім пунктам прыпынку на маршруце Каляды ў гэты вечар стала кватэра Алены Насікавай. Дамачадцы былі рады гасцям і здымалі падзею на відэа, а гаспадыня частавала гасцей смачнымі стравамі.
Больш за 30 гадоў калядуе Ларыса Дземідовіч. “Для нас Калядкі – гэта не толькі вясёлае і старажытнае свята, але і магчымасць працягваць традыцыі і звычаі нашых продкаў. Мы ходзім па дварах і хатах, жадаем дабра, шчасця, багацця і росквіту гаспадарам, спяваем прыпеўкі і танцуем, заўсёды бяром з сабой Казу і нават гадаем. Робім усё так, як рабілі нашы бабулі і дзядулі шмат гадоў таму”, – расказала кіраўнік “Гульбічаў”.
А вось васьмігадовая Ксенія Шпыркіна (Каза) ведае з ранняга дзяцінства, што такое Каляда. Калі дзяўчынцы споўнілася амаль тры гады, у вобразе Машанькі са знакамітага мультфільма яна здзіўляла разам з маці не толькі сваіх сяброў і сваякаў, а калядавала па магазінах, кватэрах шумілінцаў і дарыла ўсім добры настрой. Цяпер Ксюша не ўяўляе свайго жыцця без гэтага свята. Зараз яна з’яўляецца удзельніцай калектыва “Усезнайка” і разам з Цімурам Цімошчанкам (Медзведзяня) другі год запар з задавальненнем весяліць людзей у адзін з самых таямнічых дзён у годзе.
А якія ж традыцыі без каляднай зорачкі? Яе захавальніцай на стары Новы год была Паліна Марціненкава.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

