Замест сталіцы – родныя дарогі. Чаму самы малады інспектар ДПС раёна выбраў малую радзіму
Служба ў Дзяржаўтаінспекцыі – не работа па шаблоне, кажа малады інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Дзяніс КУХТО. Гэта не толькі забеспячэнне бяспекі на дарогах, але і работа з людзьмі на прафілактыку, дапамога вадзіцелям у розных сітуацыях.
Дзяніс Кухто – самы малады інспектар ДПС, яму 21 год. Шчырасць і справядлівасць, імкненне дапамагаць людзям, прыклад дзядзькі, былога супрацоўніка мілыцыі, прывялі Дзяніса, які родам з вёскі Полькавічы, у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Хлопец паступіў на спецыяльнасць “правазнаўства”, пасля другога курса было права выбару, дзе ў далейшым хочацца працаваць, і ён выбраў групу, дзе вучылі на інспектараў дзяржаўтаінспекцыі. Пасля практыкі, якую праходзіў у Мінску, Дзянісу прапанавалі застацца, але ён выбраў малую радзіму. Кажа, што яму падабаецца ў Шумілінскай ДАІ, ды і на дарогах не такая напружанасць транспартнага патоку, як у сталіцы.
За маладым супрацоўнікам замацавалі настаўніка – маёра міліцыі інспектара ДПС Яўгена Сташонка, які вучыць Дзяніса ўсім нюансам работы. Галоўнае для інспектара – сачыць за парадкам на дарогах, праводзіць прафілактычныя гутаркі, вучыць дзяцей і дарослых уважлівасці. Прыходзіцца разбірацца ў розных дарожных сітуацыях, транспартных здарэннях, афармляць дакументацыю, умець урэгуляваць канфлікты, заспакоіць агрэсіўна настроенага парушальніка. І такія выпадкі ўжо здараліся падчас дзяжурстваў. Так што супрацоўнік дарожна-патрульнай службы павінен быць камунікабельным чалавекам і нават псіхолагам, зрабіў для сябе выснову Дзяніс Кухто.
Самыя складаныя і напружаныя дзяжурствы ў маладога супрацоўніка і яго калег былі падчас нядаўняга цыклону «Улі-Фрэнсіс», калі дарогі былі заснежанымі – сумёты намятала ўмомант, нягледзячы на пастаянную расчыстку. Падчас дзяжурства папярэджвалі вадзіцеляў, каб тыя не парушалі хуткасны рэжым. Аднак на дарогах былі і не вельмі вопытныя – зарэгістравана некалькі з’ездаў у кювет. Прыйшлося дапамагаць некаторым вадзіцелям, аўтамабілі якіх забуксавалі ў снезе. Радуе, што абышлося без ахвяр.
Дзяніс Кухто зараз жыве на здымнай кватэры. Спадзяецца, што ў бліжэйшым будучым атрымае арэнднае жыллё. Малады спецыяліст неаднойчы пабываў у школах раёна, дзе расказаў пра сваю вучобу і работу, заклікаў выпускнікоў паступаць у Акадэмію МУС.
У тэму. Вывучыцца на інспектараў ДПС, міліцыянераў можна не толькі ў Акадэміі МУС у Мінску, але і ў Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь, а з гэтага года – у каледжы МУС, які знаходзіцца ў в. Гарані Мінскага раёна. Сёння ў РАУС ёсць вакансіі інспектара дзяржаўтаінспекцыі і міліцыянера-дзяжурнага ізалятара часовага ўтрымання.
Ларыса ЗАЙЦАВА

