Второй передвижной ФАП вышел на маршрут в Шумилинском районе

Главное Здоровье Новости

Другі мабільны ФАП  выйшаў на маршрут

З пачатку года абслугоўваць жыхароў Шуміліншчыны пачаў новы перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт. Цяпер у Шумілінскай ЦРБ медыцыну на колах прадстаўляюць два комплексы.

За кожным аўтамабілем замацаваны памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, які ажыццяўляе прыём пацыентаў, праводзіць дыспансерызацыю і вакцынацыю насельніцтва, прадае лекі. Пры неабходнасці да работы мабільнага комплексу падключаецца ўчастковы ўрач агульнай практыкі. Першы месяц работы – пробны. Графікі руху перасоўных ФАПаў могуць карэкціравацца па выніках работы з улікам прапаноў насельніцтва і медработнікаў.

“Увядзенне другога ФАПа зменшыць нагрузкі на медыцынскі персанал, на першы перасоўны медыцынскі комплекс, зменшыць час заезду ў зону абслугоўвання, – расказала намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Шумілінскай ЦРБ Святлана Леснічэнка. – Вёскі, дзе ў зоне абслугоўвання адсутнічае пастаянны медыцынскі работнік на ФАПе, мабільны ФАП наведвае два разы на тыдзень. Наша мэта – ахапіць медабслугоўваннем максімальную колькасць жыхароў, асабліва з улікам таго, што ў аддаленых маланаселеных вёсках жывуць пажылыя людзі. Перасоўны ФАП выкарыстоўваецца таксама і для правядзення дыспансерызацыі і вакцынацыі работнікаў прадпрыемстваў раёна”.

Мы сустрэлі новы мабільны ФАП у аграгарадку Амбросавічы. Яго чакалі вяскоўцы. Вадзіцель Іван Волкаў запрасіў наведвальнікаў прайсці ў салон і правёў для карэспандэнта газеты экскурсію. Мабільны медыцынскі комплекс айчыннай вытворчасці, створаны на прадпрыемстве “МАЗ-Купава” на шасі МАЗ-437121 з кузавам “Купава” КС6325. На заводзе вывучылі вопыт папярэднікаў, улічылі недахопы, удасканалілі. Вялікі кузаў змяшчае тры пакоі: прыёмную, дзе пацыенты могуць чакаць прыёму ў цяпле, кабінет для медагляду жанчын і кабінет для прыёму пацыентаў.

Кузаў абсталяваны двума аўтаномнымі абагравальнікамі, сістэмай кандыцыянавання. Аўтамабіль мае магчымасць падключэння да электрасеткі, ёсць чатыры акамулятарныя батарэі для аўтаномнай работы, маецца электрагенератар. У кожным кабінеце абсталяваны рукамыйнік з падагрэвам вады.

Вадзіцель заўважыў толькі, што ў некаторыя населеныя пункты вялікі аўтамабіль праязджае з цяжкасцю, бо дрэвы разрасліся так, што перашкаджаюць праезду, таксама не ўсюды маецца магчымасць спакойна развярнуцца.

Памочнік урача Ганна Лісейцава расказала, што ФАП укамплектаваны электракардыёграфам, вымяральнікамі для артэрыяльнага і ўнутрывокавага ціску, растамерам і вагамі, маюцца халадзільнікі для захоўвання лекаў і вакцын, а таксама аналізаў, якія бяруць у пацыентаў, абсталяваныя зручныя шафы для захоўвання дакументаў і медпрылад.

Новы мабільны медыцынскі комплекс дазволіць палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва раёна.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *