2 февраля — Всемирный день водно-болотных угодий

Общество Экология

Другія лёгкія Зямлі: што хаваюць беларускія балоты

В заказнике «Козьянский».

2 лютага адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў, устаноўлены ў гонар падпісання ў 1971 годзе ў іранскім горадзе Рамсар Рамсарскай канвенцыі.

Дакумент афіцыйна называецца Канвенцыяй  аб водна-балотных угоддзях, якія адыгрываюць ключавую ролю ў падтрыманні іяразнастайнасці планеты і забеспячэнні асяроддзя пражывання для многіх відаў вадаплаўных птушак.

Чаму важныя водна-балотныя ўгоддзі?

Гэтыя унікальныя экасістэмы ахопліваюць самыя разнастайныя ландшафты – ад арктычнай тундры да вільготных трапічных лясоў. Сярод іх рэкі, азёры, багністыя мясцовасці, прыбярэжныя зоны, дэльты буйных рэк, мангравыя зараснікі і нават каралавыя рыфы. Паводле ацэнак навукоўцаў, каля 40% усіх жывых арганізмаў Зямлі залежаць менавіта ад такіх месцаў. Кожны куток прыроды тут унікальны сваёй узаемасувяззю глебавых умоў, водных рэсурсаў, флоры і фауны.

Свет перажывае крытычны недахоп чыстай вады, і водна-балотныя ўгоддзі знаходзяцца ў цэнтры яго вырашэння. Менш за 1% прэснай вады на Зямлі з’яўляецца прыдатнай для выкарыстання і ў асноўным захоўваецца ў водна-балотных угоддзях, такіх як рэкі, ручаі, азёры, балоты, вусце рэк і ваданосныя гарызонты. Штодня мы спажываем не менш за 10 мільярдаў тон прэснай вады – больш, чым можа папоўніць Зямля.

Беларусь валодае значнымі рэсурсамі водна-балотных угоддзяў і актыўна ўдзельнічае ў міжнародным супрацоўніцтве па іх захаванні. Першым аб’ектам нашай краіны, уключаным у Рамсарскі спіс ахоўных тэрыторый, стаў заказнік рэспубліканскага значэння «Спораўскі», унесены туды яшчэ ў канцы 1999 года. У 2014 годзе аналагічны статус атрымаў наш мясцовы ўнікальны аб’ект –заказнік «Казьянскі» плошчай амаль 28 тысяч гектараў. Заказнік мае міжнародны прыродаахоўны статус «Тэрыторыі, важныя для птушак».

Варта адзначыць асаблівую значнасць балот у барацьбе са змяненнем клімату. Паводле даследаванняў, гектар балот здольны паглынуць у сем-дзесяць разоў больш вуглякіслага газу, чым раўназначны ўчастак лесу. Такім чынам, балоты адыгрываюць ролю прыроднага стабілізатара тэмпературных ваганняў і выступаюць сапраўднымі лёгкімі планеты.

Што кожны з нас можа зрабіць?

Каб захаваць унікальнае багацце водна-балотных угоддзяў, важна беражліва ставіцца да прыроды і ўсведамляць сваю адказнасць перад будучым пакаленнем. Рэгулярныя прагулкі сярод прыродных зон, удзел у экалагічных акцыях і павышэнне ўзроўню экалагічнай пісьменнасці дапамагаюць умацаваць сувязі чалавецтва з прыродай і абараніць яе крохкую раўнавагу.

Ірына БЛІЗНЕЦ, галоўны спецыяліст Шумілінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *