Моцныя рэгіёны – моцная краіна. Канструктыўны дыялог аб перспектывах Обалі
18 лютага адбылася сустрэча старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава з жыхарамі г.п. Обаль, падчас якой абмеркавалі сацыяльна-эканамічнае развіццё пасёлка, яго добраўпарадкаванне, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця абальчан.
У сустрэчы ўдзельнічалі старшыня Шумілінскага райвыканкама Мікалай Будневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – член Савета Рэспублікі Глеб Лапіцкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Стома, кіраўнік спраў аблвыканкама Сняжана Цітова, старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў. На сход былі запрошаны дэпутаты раённага і Обальскага сельскага Саветаў дэпутатаў.
Вызначаючы тэму размовы, Дзмітрый Дзямідаў сказаў, што абласныя ўлады хвалюе лёс так званых монапасёлкаў – населеных пунктаў, прымацаваных да адзінага прадпрыемства. Обаль – адзін з такіх пасёлкаў, які шчыльна звязаны з Обальскім керамічным заводам. Мэта сустрэчы – пачуць жыхароў пасёлка, расказаць пра планы разціцця населенага пункта і прадпрыемства, павышэння ўзроўню жыцця людзей.
Характарыстыку населенага пункта, план сацыяльна-эканамічнага развіцця пасёлка, асноўных прадпрыемстваў, шляхі вырашэння праблемных пытанняў прадставілі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і яго намеснік Аляксей Саппо.
Падчас абмеркавання закраналіся пытанні замацавання моладзі ў пасёлку, павышэння ўзроўню заработнай платы. Асаблівае месца занялі пытанні стварэння новых прадпрыемстваў, мадэрнізацыі і развіцця існуючых вытворчасцей, вырабу новых відаў прадукцыі.
Сваімі планамі аб перспектывах развіцця Обалі і асобных прадпрыемстваў падзяліліся галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч, дырэктар Обальскага керамічнага завода Сяргей Ляўшоў, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Карына-гандаль” Аляксандр Мацуганаў, прадстаўнікі іншых арганізацый.
Жыхары пасёлка ўзнімалі пытанні стану дарожна-вулічнай сеткі, добраўпарадкавання, рамонту жыллёвага фонду, медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, грамадскага харчавання, стварэння ўмоў для заняткаў у вольны час для розных пакаленняў. Адбылася актыўная, жывая і канструктыўная размова пра лёс населенага пункта і яго жыхароў.
Падсумоўваючы вынікі размовы, якая доўжылася амаль тры гадзіны, Дзмітрый Дзямідаў адзначыў: «Цяпер, калі ствараюцца перспектыўныя планы развіцця рэгіёнаў, мы, улады, са свайго боку прадугледзім пэўныя захады па развіцці прадпрыемстваў і сацыяльных аб’ектаў рэгіёна, па стварэнні новых рабочых месцаў, павышэнні заработнай платы і ўзроўні жыцця. Але гэты працэс павінен быць узаемным. Каб вы не былі пабочнымі гледачамі, трэба ўключацца ў працэс усім на сваім рабочым месцы, на месцы жыхарства, каб ператварыць пасёлак і жыццё ў ім да лепшага. Трэба зрабіць усё, каб людзі бачылі перспектыву, у іх памяняўся настрой, памяняліся адносіны да жыцця ў Обалі».
Пасля сустрэчы з жыхарамі Глеб Лапіцкі і Сняжана Цітова разам з Мікалаем Будневічам і Русланам Матвейчуком наведалі ў Обалі шэраг гандлёвых і сацыяльных аб’ектаў, пазнаёміліся з іх работай.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.





