Майор Банцер выбрала армию и счастье

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Общество

Маёр  Банцэр  выбрала армію  і  шчасце

З чэрвеня мінулага года начальнікам адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў прызначана маёр Наталля Банцэр. Яна стала першай жанчынай на Віцебшчыне, якая ўзначальвае адасобленую групу.

У Год беларускай жанчыны вобраз нашай гераіні гучыць асабліва ярка, дэманструе, што беларускія жанчыны смелыя, бо выбіраюць шлях, які патрабуе мужнасці, прафесійныя, бо служаць нараўне з мужчынамі, сучасныя, бо разбураюць стэрэатыпы.

Пасля заканчэння школы Наталля не думала звязваць свой лёс з арміяй, паступіла ў медыцынскае вучылішча, пасля яго заканчэння працавала медсястрой у адной з раённых бальніц. Усё памянялася, калі ўладкавалася медыкам у 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду ў Заслонаве. «Зразумела, што армія – гэта маё, гэта месца, дзе магу самарэалізавацца і, як стане зразумелым пазней, месца, дзе знайду асабістае шчасце, – расказвае Наталля. – Таму і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на псіхолага». У 2013 годзе Н. Банцэр падпісвае кантракт і служыць медсястрой. Пасля заканчэння ўніверсітэта старшы лейтэнант Банцэр становіц ца псіхолагам батальёна, а атрымаўшы званне маёра – псіхолагам брыгады. Наталля Банцэр пераканана, што абараняць Радзіму – гэта і жаночая справа.

Сям’я Банцэр амаль дзесяць год як афіцэрская. Праўда, публічная тут толькі Наталля, муж і сын Мікіта служаць у спецпадраздзяленнях, яны не з’яўляюцца на старонках газет і на тэлебачанні. Але гэта зусім не перашкаджае іх сямейнаму шчасцю. Наталля – сапраўдны генератар ідэй, якія яе мужчыны падтрымліваюць і рэалізоўваюць. Так, напрыклад, зусім нядаўна, прапанавала набыць новыя веласіпеды, каб, калі пацяплее, рабіць

велапрагулкі па вячэрнім Віцебску. Не ў стылі Наталлі Банцэр сядзець на канапе і глядзець тэлевізар. Падарожжы, знаёмствы з новымі мясцінамі, выставы і майстар-класы – а падтрымка мужа ў любых пачынаннях натхняе на новыя ідэі. Сям’я ўжо рыхтуецца да вясенняга падарожжа па обальскім балоце, прычым хочуць прайсці па самым складаным маршруце. «За час службы ў Шуміліне ўлюбілася ў гэтае мястэчка, – прызнаецца Наталля. – Спакойны рытм, без мітусяніны, усе адзін аднаго ведаюць. Падабаецца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, дзе ёсць выдатная магчымасць падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме».

Любіць Наталля Банцэр і гатаваць. На ўра заўсёды ідуць катлеты, у які абавязкова дадае сушаны часнок. Але ж каронная страва Наталлі – бліны, тоненькія, якія амаль прасвечваюцца.Наталля Банцэр прызвычаілася бачыць незвычайнае ў звычайным, свет для яе ў яркіх фарбах. Здзівіць і ўразіць нечым амаль немагчыма. «Адно з самых нечаканых і яркіх – гэта святкаванне Новага 2026 года, – расказвае Наталля. – Цёплыя сямейныя размовы за святочным сталом, узгадваем, якім быў папярэдні год і будуем планы на новы. Глядзім выступленне Прэзідэнта. І тут Аляксандр Рыгоравіч аб’яўляе, што 2026 год будзе годам беларускай жанчыны. Я нават разгубілася… А вось мае мужчыны не, шчыра павіншавалі мяне».
– Я шчаслівая жанчына, – падсумоўвае Наталля Банцэр. –У маім жыцці ёсць усё, пра што марыла.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *