Ад бібліятэкара – да гаспадыні прыватнага магазіна. Гісторыя жанчыны, якая не баіцца перамен
Крута змяніць прафесію, не пабаяцца канкурэнцыі і адкрыць магазін на вёсцы – гэта пра Людмілу ТАРАСАВУ індывідуальнага прадпрымальніка з аграгарадка Мішневічы, смелую, ініцыятыўную і ўпартую жанчыну.
Пасля заканчэння школы Людміла Тарасава вывучылася на бібліятэкара і прыехала працаваць у родную вёску. Землякі і сёння помняць цікавыя бібліятэчныя мерапрыемствы. Актыўная па натуры, энтузіяст па жыцці, Людміла з запалам бралася за розныя пачынанні. Адпрацавала ў бібліятэцы больш за дваццаць гадоў, а пасля яшчэ двойчы крута змяніла род заняткаў: каля чатырох гадоў была вядучым спецыялістам заказніка «Казьянскі», вось ужо другі год з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і гаспадыняй прадуктовага магазіна.
Як з’явіўся «Еўрык»?
Ідэю адкрыць магазін прапанавалі Людміле сыны Уладзімір і Іван. Пасля рэарганізацыі сельгаспрадпрыемства выкупілі будынак былой сталовай, але трэба было афармляць зямлю, мяняць статус сталовай, укладваць грошы ў рамонт. Таму вырашылі арандаваць памяшканне ў ЦРБ. Спецыялісты райвыканкама пракансультавалі і далі парады. Сыны вельмі дапамаглі аформіць дакументы, яны і назву магазіну прыдумалі – «Еўрык». Была магчымасць узяць крэдыт, але Тарасавы вырашылі, што абыдуцца сваімі сіламі. Людміла разумела, што малы бізнес – справа рызыкоўная, але не шкадуе, што ўвязалася «ў такую авантуру».
Соду разабралі ўмомант. У снежні 2025 года «Еўрыку» быў год з дня адкрыцця. «У 9 гадзін раніцы перад дзвярыма ўжо стаялі людзі, – згадвае Людміла. – У першыя дні ў асартыменце былі самыя неабходныя прадукты: хлеб, мясныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сокі, крупы, макароны, мука… Попытам карысталася грэчка, разабралі ўмомант харчовую соду». Пазней у магазін завезлі марожаную рыбу, фаршы, тушкі і паўтушкі курэй, марожанае, тавары першай неабходнасці.
Ёсць попыт – будзе і прапанова. Работа з пастаўшчыкамі, выбар прадукцыі – гэта клопат гаспадыні магазіна і яе сына Уладзіміра, на якога аформлена даверанасць. Надзейны тыл – муж Сяргей – бярэ на сябе частку бытавых пытанняў, у выхадныя прыязджаюць сыны, якія дапамагаюць з разгрузкай тавараў. Сёння магазін мае 21 пастаўшчыка, кожнаму з іх прызначаны канкрэтны дзень дастаўкі тавараў.
Некаторыя тавары, як, напрыклад, торты, дастаўляюцца па індывідуальных заказах. У магазіне працуюць ветлівыя і кампетэнтныя прадаўцы – Ірына Багданава і Алена Каніна, можна за прылаўкам пабачыць і Людмілу Тарасаву.
«Здаровая канкурэнцыя – гэта нармальна», – лічыць Людміла Тарасава, калі ў яе пытаюцца, ці цяжка канкурыраваць з гандлёвым аб’ектам райспажыўтаварыства. У кожнага свае пакупнікі, свой асартымент. Гэта стымул абодвум развівацца і шукаць, чым задаволіць пакупнікоў.
У планах на бліжэйшы час – заключыць дагаворы на пастаўку тавараў з «Бабулінай крынкай» і «Мясакамбінатам Славянскі». Ёсць мара пашырыць плошчы магазіна.
Слова – пакупнікам
«Мы вельмі задаволены магазінам «Еўрык», – кажа старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька. – Прадукцыя тут заўсёды свежая, пастаўкі рэгулярныя. У краму прыходзяць не толькі жыхары аграгарадка, але прыязджаюць з Заўсыскі, Жданоўкі, Заобалі, Сураўнёў, Сіроціна. Людміла Тарасава «гарыць» справай, стараецца для вяскоўцаў. І трэба сказаць, у яе трымліваецца. Паболей бы нам вось такіх ініцыятыўных і прадпрымальных жанчын».
«Я жыву ў Жданоўцы і часта прыходжу ў «Еўрык» за прадуктамі, – кажа Наталля Дзёміна. – Тут ёсць усё. Вось сёння купіла каўбасу, цукар, макарону, сок».
Удзячныя словы пакупнікоў надаюць Людміле Тарасавай упэўненасці ў заўтрашнім дні і веры ў тое, што ўсе задуманыя планы ўвасобяцца ў жыццё.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

