Мама ў пагонах
Калі ў 2019 годзе Снежана АНДРУКОВІЧ пераступала ганак Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта, яна і падумаць не магла, што райаддзел стане для яе не проста першым месцам работы, а і стартам вялікага жыццёвага шляху. Сёння яна ўжо Снежана Карпава – вопытны следчы, жонка і мама чатырохгадовай дачкі Сафіі.
Мінула 7 год з таго часу, як малады спецыяліст стала афіцэрам. З Міёраў, дзе прайшло яе дзяцінства, пераехала працаваць у Шуміліна, каб самастойна будаваць сваё жыццё. Пры размеркаванні ў Полацкім дзяржуніверсітэце ў яе былі тры кропкі на карце: Расоны, Верхнядзвінск і Шуміліна. Снежана абрала саму аддаленую ад дома – каб па-сапраўднаму адчуць сябе дарослай.
– У дзяцінстве глядзела на людзей у пагонах і думала: яны – абаронцы справядлівасці, – успамінае яна. – Цяпер я пераканалася, што гэта не проста словы. Справядлівасць і законнасць – тое, на чым трымаецца свет. Таму і выбрала гэтую прафесію.
Яе першым настаўнікам стаў старшы следчы Віктар Казлоўскі. Менавіта ён вучыў юную калегу нюансам расследавання. Асабліва моцна, прызнаецца Снежана, кранаюць справы, звязаныя з абавязанымі асобамі, калі даводзіцца кантактаваць з тымі, хто ўхіляецца ад выхавання ўласных дзяцей.
– Ведаеце, ніяк не магу зразумець: як можна проста ўзяць і кінуць сваё дзіця? – кажа следчы. – Жыццё маленькага чалавека залежыць ад цябе цалкам. Магчыма, менавіта мацярынства дало мне магчымасць вастрэй адчуваць гэтую несправядлівасць.
Жыццё, як сама кажа, склалася, сустрэла сваё каханне, выйшла замуж. Чатыры гады таму ў сям’і з’явілася дачка Сафія. Цяпер маладая маці сумяшчае службу з выхаваннем дачкі, прызнаецца, што гэта няпроста, але вельмі натхняе.
– Калі прыходжу дадому, а Сафія бяжыць насустрач, разумею: дзеля такіх момантаў і працуем, і жывем, – усміхаецца Снежана. – Стала яшчэ больш адказнай. Бо цяпер адказваю не толькі за сябе, але і за дачку. Хачу, каб яна ганарылася мамай у пагонах. І каб ведала, што яе маці абараняе законнасць і справядлівасць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

