«Ох уж эти женщины!» Народный театр районного центра культуры готовит премьеру комедии

Культура Новости

ТЭАТРАЛЬНАЯ  ПРЭМ’ЕРА  СЕЗОНА «Ох, ужо гэтыя жанчыны!»

Смешная і лёгкая прэм’ера сезона чакае свайго гледача!

1 красавіка, у дзень смеху, на сцэне Шумілінскага раённага цэнтра культуры адбудзецца прэм’ера камедыі «Ох, ужо гэтыя жанчыны!» па п’есе Вадзіма Галаванава. Яе дзеянні перанясуць нас у канец ліхіх 90-х – час, калі кіпелі крымінальныя страсці, алігархі змагаліся за свой бізнэс, а жанчыны пакаралі мужчын сваёй прыгажосцю.

Рэжысёр Таццяна Багданава расказала, што ідэя паставіць гэты спектакль прыйшла да яе пасля гучнай перамогі на абласным конкурсе «Тэатральная вясна» ў 2024 годзе. Тады перамогу прынёс спектакль-драма, таму цяпер, праз два гады, захацелася прадставіць на суд гледача поўную супрацьлегласць – лёгкую камедыю. Апошнія два тыдні рэпетыцыі новай пастаноўкі ідуць кожны дзень. Рэжысёр дадала, што ўсе сілы цяпер накіраваны на адточванне майстэрства, таму што здзіўляць у гэты раз будуць выключна акцёрскай гульнёй.

Галоўныя ролі ў спектаклі выканаюць Святлана Марціненкава (Таня) і Наталля Іванова (Іра). «Таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім, – кажа так пра дэбютантку ў тэатральнай справе Наталлю Іванову рэжысёр Таццяна Багданава. – Як аказалася, з гэтым чалавекам вельмі лёгка працаваць, яна хутка ўлілася ў наша тэатральнае жыццё і працоўны працэс, а ўсе мае просьбы ў яе атрымліваецца выконваць практычна з першага разу». Андрэй Трафімаў паўстане ў спектаклі ў няпростай ролі алігарха Алега Палыча, незабыўны вобраз кілера перадасць Аляксей Цімафееў, а Дар’я Сцяпанава бліскуча сыграе жанчыну-загадку Ізольду».

У шумілінскага гледача ёсць унікальная магчымасць убачыць вясёлую тэатральную навінку першымі.

Не прапусціце 1 красавіка незабыўны вечар смеху і выбуховых эмоцый! Пачатак у 17.30. Уваход платны. Глядач: 16+.

Пасля прэм’еры на роднай сцэне спектакль прыме ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе «Тэатральная вясна-2026», які праходзіць раз на два гады.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *