Почётное звание «Человек года Витебщины» присвоено Антонине Дорожкиной, штукатуру «Шумилинской ПМК-70»

Актуалии Людзі і лёсы

Многае ў жаночых руках. У жаночых руках – усё
Антаніне Віктараўне Дарожкінай, тынкоўшчыку пятага разраду ДКУБП «Шумілінская ПМК-70»,  рашэннем  аблвыканкама  № 35 ад 26 студзеня 2013 года прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”.
Мяркуем, што нашым чытачам будзе цікава даведацца, чым жыве, што любіць, чаго чакае ад жыцця наш пачэсны зямляк.
– Скажыце, як Вы абралі сваю прафесію?
– Я пасля школы паступіла ў будаўнічае вучылішча №57 у Віцебску. Адвучылася і паехала працаваць у Расоны. Але там адпрацавала зусім крыху і пераехала ў Шуміліна. Сама я родам з Гарадоцкага раёна, але ў Шуміліне прыжылася. А ў ПМК-70 працую ўжо больш за 30 год.
– Раскажыце, якімі канкрэтна работамі вы займаецеся?
– Аддзелачнымі работамі і тынкоўкай. Работу сваю ведаю, разумею. Ды, я і за цеслярамі, і за мулярамі ўбачу, дзе трэба нешта дарабіць, давесці да розуму. Наогул, у прафесію я прыйшла не аддзелачнікам. Спачатку гадоў восем працавала ў будаўнічай брыгадзе Валерыя Раманавіча Чарвянкова. Я і бальніцу нашу будавала, і самы першы кааператыўны дом, што на галоўнай плошчы горада – шмат аб’ектаў, усе, што за жыццё было пабудавана, і не пералічыць. Дык вось, я ведаю і што такое малаток, і цвікі, і апалубка, і як асфальт класці, карацей, работай напужаць мяне складана.
– Фізічна, пэўна, гэта дужа цяжка, асабліва для жанчыны?
– Ну, фізічна, канешне, цяжка, але рукі ўжо прывыклі. Маладыя прыходзяць, дык і да столі рук не могуць дацягнуць – для іх гэта дужа цяжка, а нам, хто старэйшы, прывычна. І далей, не зважаючы на гады, складваць зброю не планую.
– Як вашы блізкія ставяцца да Вашай работы?
– Мая дачка (смяецца) кажа: “Мама, хопіць ужо так працаваць, збаў тэмп, супакойся”, – а я ж і ў выхадныя, і ў “прахадныя” – усё на работу. Неяк прывыкла ўжо да такой шпаркасці.
– Скажыце, калі чэсна, мабыць, і ў Шуміліне будаўніком можна нядрэнна заробіць, неабавязкова ў Маскву ехаць?
– Канешне, як летам, дык “на рукі” па сем і больш мільёнаў атрымлівалі. Толькі, сапраўды, працаваць трэба ў поўную сілу, не ленавацца.
– Вас, як вопытную, магу меркаваць, на самыя адказныя аб’екты начальства накіроўвае?
– Так, вось кааператыўны дом нядаўна здалі, столькі сіл уклалі, не перадаць. Гэта ж не жартачкі – пяціпавярхоўка, 40 кватэр. Брыгада летам вялікая была, каля 40 чалавек, студэнтаў дзевяць працавала.  А я – брыгадзірам. Клопату хапае.
Моладзь, што прыходзіць на прадпрыемства, таксама – Ваш клопат. Іх трэба навучыць, усё паказаць, расказаць.
– Каб вы ведалі, як зараз цяжка вучыць моладзь. Мінулае пакаленне, шчыра кажучы, было нейкае больш стараннае. Зараз моладзь ужо не такая. Ёсць добрыя, ёсць, але ёсць і такія, з кім дужа цяжка: вока ды вока трэба. Некаторых не толькі вучыць, але і выхоўваць прыходзіцца.
І зноў жа, бывае, вучыш, стараешся, сілы траціш, а яны год які адпрацуюць – і ў Маскву. Таксама крыўдна, шкада і сіл, і часу: колькі ж я іх ужо перавучыла за сваё жыццё! Праўда, зараз усё больш назад едуць, просяцца зноў у брыгаду. Але дырэктар наш прынцыповы: “здраднікаў” назад не бярэ.
– А чаму едуць з Масквы, што там не задавальняе?
– А што там? Аднаго не разлічылі, іншаму не заплацілі абяцанага. Ды і наогул, там ужо нашым рабацягам плацяць не больш, як у нас у ПМК.
– Прызнайцеся, а на бальнічны часта ходзіце?
– Не, на бальнічны амаль не хаджу. Ведаеце, мая работа настолькі мяне дысцыплінавала, што нават у выхадны дзень я а палове шостай ужо на нагах, не магу доўга спаць. А на хваробы і дрэны настрой часу шкада.
– А як вы лічыце, ці магчыма сяброўства паміж мужчынам і жанчынай?
– Канешне магчыма. Мне, шчыра кажучы, з мужчынамі і лягчэй працаваць.
– А як Вы адпачываеце?
– На адпачынак – толькі нядзеля застаецца, адзін выхадны. Там і агарод у вёсцы, і з мужам на рыбалку выехаць я зусім не супраць. А так, вольнага часу мала. Гэта яшчэ дзякуй таму чалавеку, які пральную машыну-аўтамат прыдумаў (смяецца). Дык, вызваліўся час серыял які паглядзець. Прызнаюся, шмат не чытаю – зрок падводзіць, а вось раёнку – абавязкова.
– Жыццё, лёс, сям’ю, каханне – усё гэта можна параўнаць з будаўніцтвам. Калі правільна і якасна заліць падмурак, то ў далейшым будзе лягчэй, усё атрымаецца. Ці згодныя Вы?
– Правільна. У мяне добрая сям’я. Я ўсё зрабіла для таго, каб мая адзіная дачка мела вышэйшую адукацыю, была шчаслівая. Я ганаруся сваёй унучачкай, хачу, каб і ў яе ўсё склалася ў жыцці добра.
– Вы шчаслівая?
– Пэўна ж, шчаслівая. Дабрабыт ёсць, у сям’і ўсё добра. Былі б здароўе, сілы, каб не спыняцца, а яшчэ доўгія гады жыць у такім жа прывычным рытме. Дужа, ведаеце, не хочацца старэць.
– А Вы часта гаворыце блізкім, што Вы іх любіце і цэніце?
– Канешне. Асабліва ўнучцы. Бывае, стамлюся за дзень, а яна і станцуе, і песню спяе. Глядзіш – і адпачыла ўжо.
– Скажыце, а на што Вам не хапае смеласці?
– А на ўсё хапае! Я і машыну ваджу. Не, вы не думайце, што гэта так проста для жанчыны. Атрымаць правы – не значыць стаць добрым вадзіцелем. А я пра гэта з дзяцінства марыла. Ды,  калі пра смеласць, то я за ўсё бяруся. І ўсё атрымліваецца. Тут галоўнае – узяцца.
– А які падарунак хацелася б атрымаць у дзень нараджэння?
– Адпачыць куды-небудзь з’ездзіць хочацца.
– Вы верыце ў прарочыя сны, і ці збываюцца Вашы сны?
– Так, веру. Мае сны збываюцца.
– А ў канец свету верыце?
– Не, у канец свету не веру. Не думаю пра гэта.
– А якую кухню Вы любіце?
– Беларускую, вядома. Лепш за дранікаў, клёцак яшчэ ніхто нічога не прыдумаў.
– А што дапамагае Вам прыняць рашэнне ў складанай сітуацыі?
– Напэўна, мужчынскія ноткі ў характары. Я можа і жорсткая жанчына. Бывае, калі што не так, магу і пакараць. Па рабоце, скажам, калі хто не падпарадкоўваецца, дрэнна працуе, магу і рублём пакараць. Я так лічу: хочаш добра заробіць, калі ласка, працуй сумленна. Не хочаш – атрымлівай тое, што зарабіў. А па-іншаму брыгадзіру і нельга.
– А калі не на рабоце, то сукенка або штаны?
– Ай, сукенку рэдка апранаю. Работа такая, што неяк прызвычаілася ўжо да штаноў. І за рулём так лацвей.
З Чалавекам года Віцебшчыны гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 01.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *