Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Крымінал. Здарэнні
Аварыя
Раніцай 10 верасня на аўтадарозе Віцебск-Полацк (ля аўтазаправачнай станцыі) адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. ЗІЛ-131, якім кіраваў жыхар Віцебска і аўтамабіль «Івека» (кіраваў жыхар Полацка) ехалі па адной паласе дарогі ў бок Віцебска. Машыны сутыкнуліся, калі вадзіцель ЗІЛа стаў паварочваць на аўтазаправачную станцыю.  «Згодна з Правіламі дарожнага руху вадзіцель ЗІЛа павінен быў прапусціць суседнюю машыну, – расказаў начальнік ДАІ Уладзімір Кліменка. – Але ён гэтага не зрабіў, таму і здарылася аварыя». Дададзім: у светлы час, у добрае на-двор’е, на роўным месцы. Людзі не пацярпелі, але машыны значна пашкоджаны. Металічная раздзяляльная паласа на аўтатрасе ад моцнага ўдару сагнулася ў дугу.
Руль
Вадзіцель аўтамашыны ГАЗ з Пастаўшчыны загрузіўся паўфабрыкатамі “Вітконпрадукта”. Па дарозе дадому (ля вёскі Латкова) вадзіцель захацеў перакусіць, нахіліўся ў кабіне над пакетам, руль выслізнуў з рук. Убачыўшы, што аўтамабіль коціцца ў канаву, вадзіцель рэзка павярнуў руль у супрацьлеглы бок, ад чаго машына перакулілася прама на праезнай частцы. Частку кузава “разарвала”, кураціна высыпалася на дарогу. Паўфабрыкаты перагрузілі ў другую машыну, а пашкоджаную адбуксіравалі. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол.
Чарка-кювет
Жыхар Обалі за руль аўтамабіля “Фольксваген-Пола” сеў нецвярозым. Апоўначы яму чамусьці спатрэбілася ехаць у бок Улы. Але па дарозе ён не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Гора-вадзіцель будзе пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, яму пагражае немалы штраф.

*   *   *
Падобнае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося і на Каўлякоўшчыне — у вёсцы Сінякова. Жыхар Шуміліна не справіўся з кіраваннем “Опель-Вектра” і з’ехаў у кювет. Машына значна пашкоджана. Як растлумачыў вадзіцель супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі, піў спіртное “з гора” пасля ДТЗ. Па факту здарэння на вясковай дарозе праводзіцца праверка. Мужчыне пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў.
Аперацыя “Мак-2010”
На стале старшага оперупаўнаважанага групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі РАУС Аляксандра Курчанава папка з яркай наклейкай “Мак-2010”.
Сёлета ў раёне выяўлены чатыры выпадкі незаконнага абароту наркатычных сродкаў, а па вобласці такіх выпадкаў больш за трыста, – расказаў Аляксандр Курчанаў. – Больш за месяц таму з макавай саломкай у раёне быў затрыманы ўраджэнец Арменіі.
А нядаўна ў поле зроку шумілінскіх міліцыянераў трапіў віцяблянін, у по-ліэтыленавым пакеце якога ляжала макавая саломка. І хоць яе было ўсяго каля пяці грамаў, усё роўна захоўванне яе кваліфікуецца як злачынства. Супраць віцябляніна ўзбуджана крымінальная справа за захоўванне наркатычных сродкаў і за крадзеж (мак мужчына нарваў на чужых агародах). Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў, за крадзеж – пазбаўленне волі да пяці гадоў.
Гаспадарам, на чыіх агародах мак “насеяўся” сам, пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Лайдацтва
Пасля разводу бацькоў непаўналетні сын, згодна з рашэннем суда, застаўся жыць з бацькам. Маці павінна была выплачваць аліменты на выхаванне сына. Але 38-гадовая жанчына не хацела працаваць, на работу ўвогуле некалькі дзён не з’яўлялася. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Лес
Вельмі напружанымі былі першыя выхадныя верасня для супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Міліцыянеры былі падняты па трывозе. Прычына была важкай: вяскоўцы з Галяў паведамілі, што некалькі дзён няма дома іхняй суседкі-пенсіянеркі. Апошні раз яе бачылі, калі тая накіроўвалася ў лес. Міліцыянеры прачасалі лес ля вёскі, знайшлі жанчыну нежывой. Прычына смерці ўстанаўліваецца.
“Жыгулі”
Невядома, па якой прычыне жыхар Мікіціхі пакінуў на некалькі дзён сваё аўто ў Пабедзе. Прычым, нават не паклапаціўся зачыніць у “Жыгулях” вокны. З машыны ўкралі магнітолу і акумулятар. Злодзеі пакуль не ўстаноўлены, вядзецца следства.
Пошукі
Мужчына, які размяняў шосты дзесятак, сышоў з дому ў невядомым накірунку. Аб гэтым паведамілі ў РАУС яго родзічы. Як высветлілася, мужчыну (ён жыў у Добрыне) апошні раз бачылі вяскоўцы на аўтадарозе паміж Добрынам і Сіроцінам. Па факту без вестак прапаўшага ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС.
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *