Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

На чыгунцы
Машыніст цягніка Полацк-Гомель здалёк заўважыў на рэйках нейкую перашкоду і быў вымушаны ля Обалі экстранна затармазіць. Аказалася, што на рэйках ляжаць дошкі. Пра здарэнне паведамілі ў міліцыю, а цягнік праз некалькі хвілін адправіўся па вызначаным маршруце. Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што скрыня з пяском, якая знаходзілася на чыгуначным мосце, разабраная, а яе дошкі нехта паклаў на рэйкі. Па дадзеным здарэнні праводзіцца праверка.
Нос
Жыхар аг. Светласельскі ў ходзе сваркі са сваёй сужыцелькай пераламаў ёй нос. Па арт. 123 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў” узбуджана крымінальная справа. Мужчыну пагражаюць папраўчыя  работы да аднаго года  або арышт.
З кулакамі
Невядома чаго жыхар райцэнтра нанёс інваліду  другой групы (жыхару Шуміліна) дзесяць удараў па целе. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Прычыны такога хуліганства высвятляюцца. Узбуджана крымінальная справа.
Грошы
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка райцэнтра, якая расказала, што з яе картрахунку зніклі грошы. Аказалася, што нехта ўзламаў і заблакіраваў доступ да інтэрнэт-старонкі другой жыхаркі райцэнтра “УКантакце” (максімальнае пакаранне за гэта –  пазбаўленне волі да 2 гадоў). Потым злодзей зрабіў рассылку ад імя гаспадыні яе знаёмым з просьбай паведаміць  рэквізіты банкаўскіх картак. Пацярпелая выканала гэту просьбу, у выніку з яе банкаўскай карткі знікла 295 рублёў. Па дадзенай справе вядзецца расследаванне.
Дача
Пацярпела жыхарка Обалі: яе дачны дом у Будобалі абрабавалі. Невядомыя злодзеі ўкралі прадукты харчавання і асабістыя рэчы гаспадыні. Узбуджана крымінальная справа, падрабязнасці крадзяжу высвятляюцца.
Са зводак ДАІ
Наўцёкі
Жыхар Шуміліна, які ехаў па дарозе аг. Светласельскі на аўтамабілі ГАЗ, не ўпісаўся ў вароты раённай баль-ніцы. Пасля ДТЗ вадзіцель кінуўся наўцёкі і, калі прыехаў дадому, ужываў спіртныя напіткі. Хутка мужчына быў знойдзены супрацоўнікамі ДАІ. Яму пагражае штраф да 100 БВ, пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да 5 гадоў.
Без правоў
Падчас чарговага рэйду па дарогах раёна супрацоўнікі ДАІ спынілі на вул. Суворава ў Шуміліне мясцовага жыхара, які ехаў за рулём аўтамабіля “Опель-Астра”. Пры гэтым мужчына не меў вадзіцельскіх правоў, бо ва-джэнне транспартнымі сродкамі яму забаронена па медыцынскіх паказчыках. Пагражае штраф да 20 БВ.
Не ўступіў дарогу
Жыхар райцэнтра, які кіраваў асабістым аўтамабілем “Форд-Транзіт” на вуліцы Луначарскага, пры павароце налева не ўступіў дарогу МАЗу, які рухаўся ў сустрэчным накірунку. Сваімі дзеяннямі гаспадар “Форда” стварыў на дарозе аварыйную абстаноўку. За гэта пагражае штраф ад 5 да 20 БВ з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў да 2 гадоў або без пазбаўлення.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2019 г.