45-я пасяўная Галіны Сіпко
У жыцці Галіны Сіпко з аграгарадка Кардон сёлетняя пасяўная 45-я. Столькі жанчына працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве.
Сама мясцовая, кардонская, Галіна вывучылася на агранома-насеннявода ў Лужаснянскім тэхнікуме і вярнулася працаваць на малую радзіму. Спачатку была аграномам-насенняводам, апошнія 33 гады рупіцца загадчыкам склада КУСГП «Ульскі». Уся работа Галіны Іосіфаўны звязана з насеннем. Ведае, колькі якога зерня восенню прывезена і засыпана ў склад, колькі пойдзе на здачу дзяржзаказу. З восені работнікі склада ўжо рыхтуюцца да пасяўной – трэба прачысціць насенне зерневых, каб здаць на праверку ўсходжасці, вільготнасці і засмечанасці ў насенную інспекцыю.
Ранняй вясной у арачніках склада пачынаецца пратручванне насення, якое пойдзе на сяўбу. У падпарадкаванні Галіны Сіпко – чацвёра рабочых, якія адказваюць за пагрузку. Сёлета, напрыклад, засеялі 70 тон аўсу, 49 тон зернебабовых, – расказала Галіна Іосіфаўна. – Элітнае насенне яравога рапсу “віхор” закупілі ў ТАА «Віцебскае насенне траў», а ячмень «бацька» – у ТАА «АграНасенГандаль».
Ачыстка складоў, уборка, дэзынфекцыя – за гэта таксама адказвае Галіна Сіпко. Пасля сяўбы яравых зерневых работа на складзе не прыпыняецца. Сяўба другой чаргі – кукуруза на сілас, і насенне таксама трэба пратруціць. Акрамя гэтага, на склад круглы год з Полацкага камбіната хлебапрадуктаў прывозяць камбікорм для жывёлы, які рабочыя затарваюць у мяшкі, таму трэба ўсё пракантраляваць, запісаць у журнал, колькі на якую ферму паехала корму.
«Наша Галіна Іосіфаўна – вопытны і адказны работнік, – кажа дырэктар КУСГП “Ульскі” Уладзімір Касцюкоў. – Яна ўмее арганізаваць людзей, нацэліць іх на работу. Калі загадчык склада як след не захавае зерне, не прасочыць за пратручваннем і не адпусціць яго, то механізатарам і сеяць не будзе чым».
Не менш напружаныя дні ў загадчыка склада будуць у канцы ліпеня-пачатку жніўня, калі пачнецца ўборачная. Тады зноў не прысядзе – трэба будзе апрацаваць зерне, пераважыць, праверыць на вільготнасць, засыпаць на захоўванне. І такі «зерневы кругаварот» кожны год. Як кажуць, гаспадарка пачынаецца з людзей, а ўраджай – з насення.
Лідзія РУМЯНЦАВА.

