Жатва-2011: на результат работают все

Сельское хозяйство

З талонам якасці
А шостай гадзіне раніцы механізатары СВК “Прыдзвінскі” ужо ў майстэрні: трэба агледзець тэхніку, праверыць механізмы і – на жніўную перадавую. Тут не толькі вопытныя камбайнеры, а і маладыя – Віталь Радкевіч, Дзмітрый Бязрукаў, Сяргей Бараноўскі. Усе яны працуюць на камбайнах па аднаму, бо з кадрамі ў гаспадарцы напружана.
Лепшыя вынікі ў рабоце ў Дзмітрыя Бязрукава (на здымку). На 1 жніўня на сваім КЗС-10 22-гадовы хлопец намалаціў больш за 300 тон зерня. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод маладзёжных экіпажаў раёна.
“Зараз паедзем у Гаравыя, там будзем убіраць пшаніцу, – расказаў нам Дзмітрый. – У самы ўраджайны дзень намалочваю да 60 тон збожжа”.
У кабіне камбайна – спецыяльная папка, дзе значацца нормы, расцэнкі, умовы прэміравання. Такія папкі кожнаму камбайнеру падрыхтавала галоўны эканаміст гаспадаркі Г. І. Аўчыннікава .
Акрамя таго, камбайнерам штодзённа выдаецца талон якасці, у якім галоўны аграном гаспадаркі робіць запісы пра аб’ёмы і якасць работ, пра ўбіраемыя культуры. З якасцю ўборкі зерневых ў Дзмітрыя Бязрукава ўсё ў парадку. “Стараецца хлопец, ён жа наш, мясцовы, – пахваліў Дзмітрыя дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – Ён і на полі не падводзіць, і на ферме. Добры механізатар, цудоўны муж і бацька. Дарэчы, маладой сям’і Бязрукавых выдзелілі ў аграгарадку Крывое Сяло новы дом”.
Канцэрт на жніўным полі
На мінулым тыдні мабільны калектыў самадзейных артыстаў завітаў на жытнёвае поле ля Рыбчына, што ў КУСГП “Мішневічы”. Пра канцэрт нам расказала загадчыца сельскага клуба аграгарадка Мішневічы Ніна Віднікевіч.
На жніўнае поле да механізатараў прыехалі таксама дырэктар гаспадаркі М. Г. Цікавенка і старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленка. Яны пажадалі механізатарам добрых намалотаў і поспехаў у рабоце.
А потым гучалі песні. Канцэрт падрыхтавалі добры. І работнікі мясцовай бібліятэкі Людміла Тарасава і Аксана Якаўлева, і майстар Дома рамёстваў Вольга Зуева, і санітарка бальніцы Наталля Несцерава ў гэты дзень былі сапраўднымі артыстамі. Гучалі песні пра родны кут, каханне, пра хлеб.
“На просьбу дапамагчы падрыхтаваць канцэрт адгукнуліся многія, – гаворыць Ніна Рыгораўна. – Не пашкадавалі свайго ўласнага часу ў водпуску і настаўніцы Вольга Кузняцова і Алена Лявонава. Дырэктар Суравенскага Дома культуры Валянціна Рудзякова прыехала са сваімі самадзейнымі артыстамі”.
Канцэрт на полі быў нядоўгім, бо час для механізатараў на вагу золата.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №58 ад 02.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *