Адкуль бяруцца падлеткі-бяспраўнікі?
Падлеткі, якія цішком ці з маўклівай згоды дарослых садзяцца за руль транспартных сродкаў, не маючы правоў кіравання, – гэта не нявіннае свавольства. Такая «забава» ў любы момант можа займець сур’ёзныя наступствы…
У СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшло выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні камісіі – намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Шалахавай, дзе разглядаліся справы двух дзевяцікласнікаў, якія без вадзіцельскіх пасведчанняў селі за руль транспартных сродкаў.
На пасяджэнні і самі хлопцы, і іх законныя прадстаўнікі сваю віну прызналі поўнасцю.
Наехаў на купіну і зваліўся
Пятнаццацігадоваму падлетку летась бацька купіў у падарунак мапед. І пра што думаў дарослы чалавек? Па яго словах, хацеў прыемнае сыну зрабіць. Сюрпрыз удаўся, але не з прыемных – пацягнуў за сабой шэраг праблем. Падлетак двойчы трапляў у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ за незаконную язду. На трэці раз на адной з вуліц райцэнтра наехаў на купіну і зваліўся. Добра, што побач нікога не было. Справа абышлася сінякамі і спалохам.
Членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама цікавілі дзве пазіцыі: падлетка і яго бацькоў. Хлопец быццам і раскайваўся, усведамляў незаконнасць сваіх учынкаў. Яму вынеслі апошняе папярэджанне, яшчэ адно парушэнне – і падлетку свеціць спецустанова. А што дарослыя? У мінулы раз бацька быў вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці, цяпер камісія прагаласавала за 5 базавых велічынь штрафу. Маці хлопца вынесена папярэджанне.
Адчуць свабоду даюць дарослыя
У падлеткавым узросце хочацца незалежнасці і самастойнасці. Іншы раз адсутнічае страх, разуменне рызыкі. Падлеткі недаацэньваюць небяспеку, як і дзевяцікласнік, якога падставіў бацька. Ён, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, перадаў непаўналетняму сыну ключы ад легкавога аўто, а сам сеў побач у якасці пасажыра. Аўтамабіль прыпыніў супрацоўнік міліцыі, быў складзены пратакол. Бацьку вынесена адміністрацыйнае спагнанне ў форме папярэджання. З хлопцам будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
Абодва дзевяцікласнікі павінны летам быць заняты: працаваць ці быць у аздараўленчых лагерах…
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ
– Любы транспартны сродак – крыніца павышанай небяспекі. Падлеткі могуць садзіцца за руль мапеда ці матацыкла (аб’ём да 125 куб.см) толькі з 16 год і толькі пры наяўнасці вадзіцельскіх правоў катэгорыі АМ ці А1, – нагадаў інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС Аляксандр Багданаў. – Кіраваць легкавым аўтамабілем дазваляецца толькі з 18 гадоў пры наяўнасці катэгорыі В. Пасадзіць другога чалавека за руль мапеда ці аўтамабіля – гэта не толькі пытанне даверу, але і сур’ёзная адказнасць. Калі дарослы дазваляе непаўналетняму без правоў кіраваць транспартным сродкам, парушальнікамі становяцца абодва. Даросламу пагражае штраф да 20 БВ. На падлетка, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту, складаецца адміністрацыйны пратакол, які прадугледжвае штраф да 20 БВ».
Ларыса КІСЯЛЁВА.

